Политика

Галасы Незалежнасці. Ганна Севярынец

407 Журнал

Самае простае, што мы можам зрабіць сёння – яднацца і выказвацца, лічыць пісьменьніца, настаўніца Ганна Севярынец.

Слова «незалежнасць» мае розныя значэнні. Маю ўнутраную незалежнасць не адбярэ ніхто, ніякая інтэграцыя. Але ёсць і незалежнасць палітычная.

Нам як нацыі, усвядомленай, якая сама адказвае за свой лёс і шлях, народу, які сам вырашае, як ён будзе гаспадарыць на сваёй зямлі, незалежнасць проста жыццёва неабходная.

Гэтак сама, як для чалавека, які вырашае стаць дарослым, які вырашае будаваць жыццё па сваіх лекалах, незалежнасць асабістая, пабытовая – гэта жыццёвая неабходнасць.

Любая «інтэграцыя» з іншай краінай – гэта кепска для Беларусі, таму што іншая дзяржава будзе для нас чужой. Кожны крок да інтэграцыі абавязкова набліжае нас да таго, каб краіны развіваліся ў адзіных адміністрацыйных межах. А планы нашага ўсходняга суседа не змяняюцца ўжо тысячу год. 

«Інтэграцыя» будзе мець уплыў на сферу адукацыі – дарэчы, ён вельмі моцны ўжо зараз. Ужо некалькі стагоддзяў у нас ідзе русіфікацыя. Гэта жыццёвыя інтарэсы імперыі, таму што яна менавіта так жыве, менавіта так расце, так развіваецца. І гэта натуральны стан для імперыі, гэта не прыдумалі Пуцін ці Лаўроў.

Мы маем права на тое, каб мець уласную адукацыю – і каб нават мець у ёй свае памылкі, але ісці сваім шляхам, таму што ён адпавядае таму шляху, якім ідзе наша грамадства. Калі мы памыляемся – гэта мы памыляемся, а не «нас памыляюць».

Мы адчуваем таксама магутны ідэалагічны ўплыў з боку Расіі. Гэта ідэалогія таго, што Расія – наш «старшы брат», што нашыя народы ніколі не варагавалі, што ў нас нібыта ўсё агульнае – гісторыя, культура... Гэта ўсё робіцца, каб знішчыць нас як суб’ект. Таму такая ідэалогія небяспечна для Беларусі.

Ёсць людзі, якія супакойваюць нас і кажуць, што нічога страшнага не адбываецца. Але шмат хто з беларусаў усведамляе пагрозу незалежнасці нашай краіны. І супрацьстаяць гэтай пагрозе можна толькі тады, калі ты ўсведамляеш сваё месца на гэтай зямлі.

Калі ты ўсведамляеш, што ты гаспадар на ёй, што ты жывеш лёсам гэтай краіны і нешта для яе робіш. Жывеш у сваёй сям’і, у сваім асяродку – і ёсць гаспадаром на гэтай зямлі. І трэба гаспадарыць!

Самае простае, што мы можам зрабіць сёння – яднацца і выказвацца, каб ніхто не думаў, што нас няма, каб ніхто не думаў, што мы з усім згодныя. Абазначаць сваю нязгоду – гэта не скадана, не забаронена. Гэта наша святое права.

Комментировать