Жизнь

Галасы Незалежнасці. Аляксей Ластоўскі

136 Журнал

Расейская культура – вельмі агрэсіўная. Аляксей Ластоўскі, сацыёлаг, даследчык гістарычнай памяці і нацыянальнай ідэнтычнасці, бачыць у гэтым небяспеку для развіцця Беларусі.

Я вырас і сфармаваўся як асоба ў пачатку 1990-х гадоў, калі ўзнікла незалежная Рэспубліка Беларусь. Яшчэ падлеткам я быў моцна захоплены самой ідэяй, што ў нас свая дзяржава, якая мае незалежнасць.

Пасля нас чакала горкае расчараванне, калі прэзідэнтам краіны выбралі Лукашэнку, адбыліся рэферэндумы. Тады я зразумеў, што дзяржава – гэта не ідэал, і нельга проста пакладацца на тое, што нейкая ўлада вырашыць усе твае праблемы, трэба выбудоўваць уласную аўтаномію.

Для мяне больш істотна, што я чалавек, які вырас у сваёй лакальнай культуры, мясцовай традыцыі, вырас на роднай мове. Гэтыя рэчы трэба захоўваць, падтрымліваць, і ў гэтым дзяржава не заўжды з’яўляецца гарантам. Таму я больш выступаю за тое, каб апроч нацыянальнай дзяржавы арыентавацца на стварэнне наддзяржаўных саюзаў, якія б патрымлівалі рознастайнасць лакальных супольнасцяў у нашай краіне.

Прыкладам такога саюза можа быць Еўрапейскі звяз. У яго філасофію закладзена падтрымка лакальных культур, ідэнтычнасцяў, моваў, і іншых падобных рэчаў, якія не карыстаюцца такой вялікай павагай, калі мы паглядзім на нашых суседзяў з усходу.

Праблема ў тым, што апошнімі гадамі Беларусь арыентавана выключна на інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй, а расейская культура – вельмі агрэсіўная. І яна імкнецца затаптаць іншыя вектары, якія існуюць у нашай краіне. І ў гэтым я бачу вялікую небяспеку для рознастайнасці, якая магла бы быць у нашай краіне.

Комментировать