Арт

Found in Translation. Навошта нам «Амерыканка»

606 Максим Жбанков

Я – гадаванец замежных выведак. Тое, што рабіла мяне лепшым, звычайна стваралася не тут. Не ў кузні глабальнага шчасця пад шыльдай Краіны Саветаў.

Першае моцнае ўражанне ад фільма – «Надзвычайная сямёрка» з Юлам Брынерам ды Стывам Маккуінам. Першая магнітная стужка – амерыканская складанка «The Beatles IV». І, натуральна, кніжкі. Чорны двухтомнік Хэмінгуэя. Шэра-блакітны Камю. Трылогія Фолкнера ў папяровых супервокладках. Дзіўная вузкая кніжка без назвы з чорна-белай выявай хударлявага хлапчука і надпісам «Дж.Д.Сэлінджэр».

Доказы іншага свету хаваліся ў матчынай шафе за шклянымі шыбамі. А я іх выцягваў, каб глынуць кайфу. Галоўнае, яны заўжды былі побач, на дыстанцыі выцягнутай рукі. Банда перакладзеных сябрукоў.

Перакладчык працуе як падвойны агент. І калі ўсё зроблена, як трэба, ягоная прысутнасць робіцца амаль незаўважнай. Ён ладзіць сустрэчу чытача і райтара на карысць абодвух бакоў. Але перакладзенае неахайна нясе падвойную шкоду: забівае адначасова і тэкст, і чытацкі інтарэс. А неперакладзенае ўвогуле жыве ў іншых вымярэннях. Па-за нашым звычайным дыяпазонам успрымання.

Ёсць, натуральна, мова арыгінала, аўтар наўпрост. Але ж, па-першае, мову трэба ведаць. А па-другое – туды ўсё адно трапляеш як транзітны вандроўнік у чужы горад. Культурны мігрант з непазбежным зваротным квітком на радзіму, у роднае поле сэнсаў.

Чым вабіць пераклад? Тэхнікамі адаптацыі. Ён стварае рух у зваротны бок: засвойвае ды прысабечвае замежны рэсурс на карысць лакальных юзераў. Ператварае чужое ў сваё.

Савецкія невыязныя не бачылі Барселоны, Парыжа ці Сан-Францыска. Але насамрэч ужо іх мелі. Яны – хто свядома, хто не – вучыліся несавецкасці ад замежных аўтараў.

Таму бясспрэчным лідарам попыту сярод савецкіх часопісаў была «Иностранная литература». Таму існавала дзяржаўная палітыка перакладаў: з падзелам на «сваіх» і «небяспечных», цэнзурнымі скарачэннямі і чорнымі спісамі. Таму самвыдат побач з Салжаніцыным і Стругацкімі вырабляў Ніцшэ, Оруэла, Ленана і Букоўскага.

Аўтарытарная ўлада бачыла ў гэтым ідэалагічную інтэрвенцыю. Знешняе фармаванне антысавецкай залежнасці. Насамрэч усё было абсалютна наадварот: замежныя тэксты рабіліся крыніцай айчыннай думкі. Першасным трэнінгам незалежнага мыслення і энергетычнага маўлення. Адбудовай лакальнай свядомасці.

Гэта не Захад юзаў нас. Гэта мы юзалі яго. І таму цягніку дагэтуль патрэбна паліва.

Бо беларускасць – гэта праца і выклік. Бо ёй можна вучыцца па Куляшову з Шамякіным – а можна па Бахарэвічу з Рыжковым. А яшчэ – па Букоўскаму. Паланюку. І Кену Кізі з Маргарэт Этвуд.

Па новым героям беларушчыны. Яны ўжо тут. Калі вы гэтага хочаце. Што зрабіць? Далучыцца да «Амерыканкі».

«Чытво», «Байцоўскі клуб», «Палёт над гняздом зязюлі», «Пенелапіяда»… У гэтым незалежным выдавецкім праекце банальнае «замежжа нам дапаможа» працуе па-новаму. Працуе, як трэба. Бо пазначае не лямант слабых, а выбар моцных.

З прасторы замежных тэкстаў мы (перакладчыкі, выдаўцы, чытачы) абіраем тое, што да спадобы. Істотнае тут і цяпер. Айчынную калекцыю амерыканскага нонканфармізму. Досвед іншай незалежнасці -– каб замацаваць сваю, беларускую амерыкану.

У чым сэнс? Не проста надрукаваць стос кніжак. «Амерыканка» – больш за літаратуру. Гэта выклік абставінам (бо тыя заўсёды не ў лад). Нясупынная вандроўка (не блытаць з ўцёкамі). Энергія (з)мовы, слоўнік сляпых цягнікоў, падпітых кнайпаў і змрочных хайвэяў. Дрынк з дзьмухаўцоў. Паляванне на мятлушак на краі бездані. І калі надыходзіць трындзец – да апошняга незразумела: ці то спынілася тваё сэрца, ці то ў суседа нарэшце атрымалася з выбухоўкай.

Размова, насамрэч, пра вызначэнне пэўных каардынатаў лёсу, пошук мадэляў жыццёвага выбару. Праз «Амерыканку» фактычна маем спробу ператварэння нашых прыватных партызанскіх экзістэнцыяў у новую традыцыю – асабістай адказнасці, прыватнай самадастатковасці і нязломнага недаверу пазіцыям большасці.

Навошта да гэтага далучацца? Каб давесці сабе, што ад нас нешта залежыць. Каб зразумець сябе ў якасці (су)аўтара сучаснага белкульту. Не проста пагуляцца ў дасведчанага юзера ды літаратурнага гурмана («Ах, Кізі!», «Вау, Паланік!») – але зрабіць разам справу. Файную справу. Без загадаў, прымусаў ды ўзгадненьняў. Проста таму, што яно таго вартае.

Мы – тое, што дазваляем сабе спажываць. Тое, што дазваляем з намі рабіць.

«Амерыканка» – белкульт у стылі DIY, самаробная вытворчасць уласнай ідэнтычнасці. І выдатная нагода давесці, што еўрапейскай нацыі патрэбна штосьці большае за Віку Цыганову.

Падтрымаць выданне кніг серыі «Амерыканка» можна на краўдфандынгавай платформе Ulej.

Комментировать