Арт

Фемінізм як стакгольмскі сіндром. Наш новы Гулівер у краіне замкаў

1131 Марыя Мартысевіч

Выхаванец патрыярхальнай Беларусі і тыповы прадстаўнік свайго часу, народу і гендару, раптам здолеў паставіць сябе на месца ўзбунтаванай жанчыны, зразумець яе Праўду і Крыўду. Няхай у выніку гэта аказалася ўсяго толькі стакгольмскім сіндромам. Марыя Мартысевіч распавядае, чаму раман «Белая муха, забойца мужчын» – адзін з самых нецікавых твораў Альгерда Бахарэвча, і чаму раманіст насамрэч – адзін з найлепшых нашых паэтаў.

Слова «фемінізм» упершыню з’яўляецца ў рамане Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын», бліжэй да канца, на 194-й старонцы. Прычым з’яўляецца дзеля таго, каб з’явіцца, укладзенае ў вусны прэсы, ва ўскрай іранічным кантэксце, атрымліваючы тутэйшае гучанне праз «хв» – як, напрыклад, хвартух.

У рэчаіснасці словы стаюцца целам: на прэзентацыі рамана аўтар надзяе хвартух, (апранае apron, як, мусіць, выславіўся б ён сам); прэса называе раман фемінісцкім. Сам жа аўтар называе свой твор «мужчынскім раманам пра жанчын», і гэта не можа не цешыць таго, хто яго раман фемінісцкім не лічыць. Як, напрыклад, мяне.

Рэцэнзіі на ўсе іншыя кнігі з шорт-ліста прэміі Гедройца можна пачытаць тут

Імаверны фемінісцкі твор найперш транслюе жаночы досвед (як гэта адбываецца, напрыклад, у прозе Алены Брава). «Белая муха…» – гэта ўсё-ткі плён вонкавага назірання, няхай назіральнік ускрай лаяльны да жанчын і жаноцкага.

Такім чынам, новы раман Альгерда Бахарэвіча не фемінісцкі: ён пра фемінізм. Як казаў мой сябар юнацтва, калі вы гуляеце ў кампутарную гульню «Мутанты», то конеклоп і клопаконь – гэта дзве розныя жывёлы.

І, такім чынам – галоўная гераіня «Белай мухі…» не жаночая банда, якая захапіла Замак і ўсіх наяўных у ім «людзей і жанчын», і не нехта з яе чаліц (спадзяюся, я ўдала ўтварыла фемінітыў), а Ідэя.

Менавіта таму «Белая муха…» – адзін з самых нецікавых для мяне твораў Альгерда Бахарэвча. У папярэдніх кнігах яму неяк удавалася зводзіць канцэпт з сюжэтам. У новым рамане канцэпт відавочна пераважвае, вытыркае, робячы атрыманае цэлае прадказальным, несур’ёзным, сувенірным.

«Белая муха…» ўстойліва асацыюецца ў мяне з шыкоўна аформленым Калядным календаром – такія прадаюць у ліспападзе-снежні ў заходніх кніжных гіпермаркетах. Скрыначка з малюнкам, на якім перфараваныя акенцы з лічбамі. Трэба адкрываць па адным акенцы штодня, атрымліваючы сюрпрызік – цукерачку або цацачку. Выдатны падарунак дзецям.

Любяць гэткія календары і дарослыя.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Адно што падарункавы набор «Белая муха, забойца мужчын» прызначаецца не да Новага году, а да Восьмага Сакавіка. Альгерд Бахарэвіч сабраў разам даастачы ўсе тэмы, аспекты і праблемы фемінізму, якія апошнія два-тры гады горача абмяркоўваюцца ў беларускіх медыя і сацыяльных сетках. Апрацаваў у рэжыме хэндмэйду, запакаваў у эфектныя абгорткі і паклаў у байніцы кардоннага замку, не забыўшы падпісаць лічбы. У рамане 30 раздзелаў – у днях гэта сярэдняя працягласць жаночага цыклу.

Не уяўляю, як можа зрэагаваць на «Белую муху…» неафіт, які не зазнаў «фемінасрачаў» у сеціве і нават краем вуха не чуў пра флэшмоб #янебаюсясказаць. Магчымыя самыя розныя рэакцыі – ад шоку і адмаўлення да празрэння і захаплення.

Многія з чытачоў маюць шанец пазнаць сябе ў героях – як з аднаго боку барыкад, так і з іншага. І, наколькі я магу назіраць, ужо пазнаюць. Асабіста мне многія тэмы і жарты тэксту добра знаёмыя, бо мы з аўтарам варымся ў адным соку. Напрыклад, іранічны пасаж пра фуршэты і карпаратывы – гэта рэакцыя на калонку Алены Казловай для Радыё Свабода ад снежня 2015 года, дзе аўтарка абуралася постсавецкай завядзёнкай спіхваць святочную нарэзку закускі на жаночую палову ўдзельнікаў свята.

Таму асабіста мне чытанне раману прыносіць нечаканы «эфект Джойса»: сучаснікам і суайчыннікам вялікага дублінца было значна весялей, чым нам, вандраваць па старонках «Улісу» – яны лёгка пазнавалі цытаты і адчытвалі намёкі.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Ускрываеш першую байніцу кардоннага Замку – і ў руцэ гарадская легенда пра жаночую банду, якая лупцавала хлопцаў на менскіх вуліцах напрыканцы 1990-х.

Ускрываеш наступную байніцу – і у далоні валіцца Фройд ды яго тэрміналогія, якая ў ХХІ стагоддзі сталася амаль фальклорам.

Ускрываеш яшчэ адну – і перад табой мізагінія.

У наступнай байніцы хаваецца боршч, яшчэ ў адной – латышскія снайперкі і іх белыя калготкі.

Ускрываеш яшчэ байніцу – а там менструацыя.

Дэтабуізацыя «месячкі» – даволі важная для сучаснай тэорыі і практыкі фемінізму, Бахарэвіч у гэтым плане сур’ёзна пракачаны. Не выпадае казаць, што менавіта ён парушыў менструальнае табу ў беларускай літаратуры (значна раней быў пралог раману Наталкі Бабінай «Рыбін горад»).

Але і тут яму ўдалося нармальна так раскачаць ладдзю роспачы – героі «Белай мухі…» ўтвараюць бел-чырвона-белы сцяг, мачаючы белую матэрыю ў менструальную кроў. Атрыманы сцяг (мусіць, дзеля прафілактыкі пагрому выдавецтва «Галіяфы») падобны хутчэй да японскага, але сам пасыл адчытваецца адназначна: як крытыка маскулінасці беларускай гісторыі. У 1990-я гады патрыятычная літаратура пашырала легенду пра ўтварэнне нацыянальнага сцягу з белай матэрыі, якой нейкі князь падчас бітвы абматаў параненую галаву.

Вось табе і «Вершніца».

Героі «Белай мухі», – як тэрарысткі, так і іх закладнікі, замкнёныя аўтарам у сувенірным Замку, – не выклікаюць сімпатыі. Зрэшты, яны не выклікаюць і антыпатыі, бо з’яўляюцца рэальнымі роўна настолькі, наколькі рэальнымі ёсць каментатары на форумах, дзе абмяркоўваюць тую ці іншую гарачую тэму.

Вось патрыярхальнае меркаванне ад сярэдняга беларускага мужыка, а вось піша крамлёўскі бот на замову расійскіх спецслужбаў. Гэтую дзяўчыну згвалцілі трое і яна вылівае на старонкі форума свой боль. Вось беларускі нацы(яналіст) з памылкамі ў беларускай мове выкладае кансерватыўна-хрысціянскія погляды на шлюб і ролю жанчыны.

Нармальных тут няма, бо разумныя людзі ў прынцыпе не будуць удзельнічаць у гэтай бессэнсоўнай дыскусіі. Нармальны тут – хіба наратар, які чытае ўсю гэтую банальшчыну ў рэжыме госця.

Таму Замак можна інтэрпрэтаваць як уцелаўленне таго самага беларускага культурнага гета, у якім увязненыя мы ўсе і з якога пакуль ніхто не знайшоў выйсця.

Яшчэ адзін паліграфічны цуд, які нагадвае мне «Белая муха…» Бахарэвіча – гэта новыя беларускія банкноты. Раман мае прынамсі дзве ступені абароны ад перакладу на нямецкую мову. Па-першае, патрыярхальна-маскулінны бок у ім праўстаўляюць ажно два негатыўныя персанажы: аўстрыяк з Грацу – паляўнічы на «недарагіх рускіх жонак», і немец з Гановеру – паляўнічы на «бізонаў». Абодва камрады прапісаныя з асаблівай карыкатурнай злосцю, нетыповай нават для Бахарэвіча. З вядомых мне ранейшых крыніцаў хіба «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў» жывапісалі прадстаўнікоў якой-кольвек нацыі больш перадузята.

Зрэшты, паводле законаў паліткарэктнасці далей па тэксце мусіў з’явіцца і «харошы немец». Гэтак у польскіх патрыятычных фільмах «Катынь» Анджэя Вайды і «Варшаўская Бітва» Ежы Хофмана прыдуманыя цэлыя сюжэтныя лініі, каб увесці «харошых рускіх», якія на фоне злачынстваў Савецкай Імперыі спачуваюць героям-палякам, дапамагаюць ім і ў выніку самі робяцца ахвярай сваіх кепскіх суайчыннікаў.

І праўда – наратар наракае на сваю карму, якая дасылае яму толькі «такіх немцаў» і згадвае іншы прыклад – мімалётнага знаёмца, швейцарца Эжэна, які аб’язджаў Еўропу на дзіцячым самакаце і быў цалкам пазітыўным. Можа таму, што гаварыў па-французску.

Другая ступень абароны ад лёгкага перакладу з нашай спеўнай мовы на нянашыя гергатлівыя – насычаснаць рамана паэтычнымі тропамі. Па тэксце рассыпана столькі сугуччаў, мілагуччаў, метафар, анафар, эпіфар і іншых катахрэзаў, што набярэцца не на адзін Паэтычны слоўнік Рагойшы. Уся айчынная паэзія апошніх дзесяці гадоў не спарадзіла столькі эстэтызмаў, колькі адзін раман «Белая муха, забойца мужчын». У сучасных паэтаў пісаць прыгожа лічыцца амаль маветонам, але, выглядае, аддадзеную дарам праз інтэрнэт «скрыпку дрыгвы» выменялі на «ўкусняшкі» сучасныя празаікі.

Увогуле, раман «Белая муха» наводзіць на думку, што Бахарэвіч насамрэч – адзн з найлепшых нашых паэтаў, які рашуча «наступіў на горла ўласнай песні», бо Радзіме былі патрэбныя раманісты. І цяпер лірычны пачатак, усведамлена або не, пачынае прамаўляць у ім з новай сілай.

Бо найлепшыя фрагменты «Белай мухі» – гэта, па сутнасці, вершы ў прозе, якія адсылаюць наўпрост да пачатку ХХ стагоддзя, калі гэты жанр квітнеў як у нашай літаратуры, так і ў шчыльна акаляючых яе суседніх.

Важная прыкмета творчага почырку Бахарэвіча ў апошніх творах – прывязка да знакавага твору замежнай літаратуры. Гэтым разам выбар паў на Сўіфтавыя «Прыгоды Гулівера». Прычым тыя самыя дарослыя, неадаптаваныя, якія больш-чым-проста-казка.

Выбар, думаю, невыпадковы, бо Бахарэвіч, следам за Сўіфтам, стварае грамадска-палітычны памфлет на тэмы, якія хвалююць яго тут і цяпер. Толькі метамарфозы з яго Гуліверам адбываюцца не фізіялагічныя, а аксіялагічныя. Наратар, які сталеў у патрыярхальнай Беларусі 1990-х і ёсць тыповым прадстаўніком свайго часу, народу і гендару, раптам здолеў паставіць сябе на месца ўзбунтаванай жанчыны, зразумець яе Праўду і Крыўду.

Няхай у выніку гэта аказалася ўсяго толькі стакгольмскім сіндромам.

Комментировать