Арт

Е-букам па кансерватызму. Як электронныя кнігі выратуюць беларускую літаратуру

950 Алесь Плотка

Глыбокі сістэмны крызіс сучбелліта падобны на беларускую эканоміку. Манаполія дзяржавы на дыстрыбуцыйныя сеткі; адсутнасць квоты закупаў новых кніг бібліятэкамі; кропкавасць фінансавання, з-за якой адбываюцца бясконцыя скандалы, бо літтусоўкі не пускаюць грошы далей вузкага кола набліжаных. Адказ адзін – тэхналагічнае рашэнне, якое скароціць шлях паміж аўтарам і чытачом і паспрыяе раўнамернаму развіццю пісьменніцкага архіпелага. Анарха-сіндыкалізм у дзеянні – ці проста электронная кніга, е-book.

Скажы мне, дзе прадаецца твая электронная кніга, і я скажу табе, хто ты. Продажы лічбавай прадукцыі растуць па ўсім свеце, усё болей папулярнай становяцца электронныя кнігі і ў Беларусі. «Журнал» аналізуе, як сучасны пісьменнік можа паспяхова рэалізаваць электроннае выданне. Наш аўтар дзеліцца сваім уласным досьведам па тэме. Каментары і пытанні ад літаратараў, выдаўцоў і чытачоў вітаюцца!

Copyright для геніяў

Абсалютная большасць онлайн-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць электронныя кнігі, заключаюць з аўтарам дамову на перадачу невыключных правоў. То бок, вы можаце змяшчаць сваю кнігу на любой колькасці рэсурсаў (калі ўсім прадастаўляеце невыключныя правы). Гэта дазваляе вам сачыць за рознымі аўдыторыямі і бачыць рэальную аддачу ад рознага тыпу пляцовак. У любы момант вы можаце спыніць продаж кнігі на рэсурсе А, і засяродзіцца на рэсурсе Б, дзе ўзаемадзеянне з аўдыторыяй адбываецца болей паспяхова.

Маёмасныя правы бываюць двух тыпаў: выключныя і невыключныя (исключительные/неисключительные, exclusive/non-exclusive). Пры перадачы правоў выключных, як бачна з іх назвы, аўтар цалкам губляе кантроль за правам кіравання прадуктам (у нашым выпадку – электроннай кнігай) на вызначаны кантрактам тэрмін, і ўсе адлічэнні атрымлівае згодна сваёй дамовы з дыстрыб’ютарам (у беларускім кантрактным жаргоне – «выканаўцам»).

Таму пры перадачы такіх правоў паўстае заканамернае пытаннечка –

Як не стаць рабом дзядзі

Перадача выключных правоў – справа вельмі сур’ёзная. Гэта як пакласці ўсе яйкі ў адзін кошык. Таму, калі вы аддаеце камусьці выключныя правы і ваш «кісларод» паступае праз адну «трубачку», то трубачка гэтая мусіць быць:

а) шырокая.

Добры аўтарскі працэнт. Колькі гэта? Сярэдні «па бальніцы» працэнт пры перадачы правоў невыключных – 60%. Адпаведна пры перадачы выключных правоў ён мусіць быць вышэй, але і ваш дыстрыб’ютар мусіць зарабляць. Галодны дыстрыб’ютар – дрэнны дыстрыб’ютар, але і галодны аўтар – гэта аўтар, які па кантракце зменіць выканаўцу. На яве, калі абароты продажаў не сягаюць дзесяткаў тысяч і болей, аўтару не варта замахвацца болей чым на тры чвэрці прыбытку, бо ва ўмовах малога валавага продажу ваш дыстрыб’ютар проста не выжыве. А мёртвы дыстрыб’ютар у большасці культур яшчэ горшы за галоднага.

б) празрыстая.

Гэта азначае магчымасць поўнага кантролю за працэсам. Дасягаецца наяўнасцю на сайце мінімальнага «уласнага кабінета» для карыстальніка і апісаннем усіх умоваў на старонках рэсурса.

в) надзейная.

Так, аксюмарон «надзейнасць чалавечых стасункаў» усё яшчэ існуе. Як і Google, і пошук водгукаў пра магчымага партнёра.

 

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

 

Лянота vs. Бабло

Першы кантракт, як і першы зборнік вершаў – насамрэч горшы, чым падаецца аўтару. Таму проста не спяшайцеся і перачытайце.

Проста не падпісвайце кантракт даўжэй чым на год, бо ўмовы літаратурнага рынку змяняюцца хутчэй, чым аўтар разумее геніяльнасць сваіх новых твораў. Пралангіраваць існуючую дамову яшчэ на год – справа пары хвілінаў, а падпісаць з недарозуму кантрактныя кайданы з дрэнным працэнтам гадкоў на шэсць здараецца ўвесь час.

Проста ўзважце, колькі вы гэтовыя аддаць за сваю ляноту. Дыстрыб’ютар, які забірае ў аўтара выключныя правы, – з’ява, якая мае права на існаванне, проста аўтару варта ўзважыць пункты вышэй і падумаць, ці хоча ён зарабляць самастойна і болей, ці можа дазволіць сабе згубіць працэнт (які пойдзе дыстрыб’ютару), затое не будзе запарвацца.

У змаганні ляноты са срэбралюбствам болей за ўсё пакутуюць нервы і, як следства, лівер і ныркі. Я паважаю любы выбар, які вы зробіце, панове.

Фарматы і банкноты

На справе я сустракаўся з выпадкамі, калі аўтару прапануюць аддаць нават выключныя правы на электроннае выданне за меней чым 50% ад прыбытку. Сустракаецца такое ў асноўным у носьбітаў саўдэп-філасофіі, дзе аўтар – гэта «тварь дрожащая», а дыстрыб’ютар – шляхетная істота, якая так ужо і быць рэалізуе чужы творчы прадукт за працэнт большы за палову.

Людзей з такімі прапановамі раю гнаць у шыю, роўна як і з прапановамі папярэдняй (замест заробленых на продажы грошай) аплаты аўтарам перавёрсткі кнігі ў фармат .epub. Існуе процьма праграмаў (нават самы зручны і анлайнавы GoogleDocs), якія дазволяць вам самастойна перавярстаць і захаваць кнігу ў любым з лічбавых фарматаў.

Важны фактар пры выбары адпаведнай платформы для публікацыіі сваіх кніг – метад вываду грошай аўтарам з сістэмы. Трымайце ў розуме просты факт: калі вы прадстаўляеце сябе напрамую і атрымліваеце заробленыя на кнігах грошы на рахунак у беларускім банку, гэтыя звесткі аўтаматычна фіксуюцца падаткавай інспекцыяй. Як фізічная асоба вы мусіце сплаціць дзяржаве 13% ад паступіўшых грошай (прычым ад усёй сумы, якая паступіць на рахунак, а не пасля адлічэння банкаўскай камісіі).

 

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

 

Канфлікты. Get rich or D.I.Y.?

Большасць канфліктаў «аўтар – дыстрыбьютар» адбываюцца вакол копій (ці частак і варыяцый) кнігі, якія знаходзяцца ў вольным доступе. Напрыклад, у вас ляжыць кніга на Камунікаце – у гэтым выпадку выдавец можа патрабаваць яе выдалення ці прыгразіць штрафам.

Гэтыя акалічнасці варта прапісаць у кантракт яшчэ «на беразе». Асноўныя: ці з’яўляецца канфліктам выкладанне часткі кнігі і ці з’яўляюцца электроннай кнігай (то бок файлам адмысловага фармату для спецыялізаваных прыладаў) версіі кнігі ў файлах універсальных фарматаў, напрыклад .pdf. Правільны адказ – не, не з’яўляецца. Зафіксуйце гэта ў кантракце.

У рэале на добрыя продажы (самастойныя альбо дыстрыб’ютарам-выканаўцам) паўплываюць усяго два фактары – якасць кнігі як тавару і якасць прадаўца як мэнэджара продажаў.

Даволі збалансаваным ёсць падыход «Плаці колькі хочаш» (пакупнік сам ацэньвае, колькі гатовы заплаціць за кнігу) ці прадстаўленне кнігі і на платнай, і на бесплатнай умовах. Калі чытач хоча нешта нахаляву – ён знойдзе нахаляву і, наадварот, калі чытач хоча канкрэтны прадукт, ён яго набудзе. Праверана на сабе.

Электроннае выданне можа быць аздобленае асаблівым чынам, у яго можна ўключыць дадатковыя творы ці каментары, можна стварыць самастойны аўдыёвізуальны твор (з песнямі з SoundCloud ці відэа з YouTube – можна ізгаляцца, як заўгодна). Таму электронная кніга як прадукт мае вялікую перавагу і можа існаваць у формах, якія задаволяць самых рафінаваных спажыўцоў лічбавага кантэнту.

ISBN. Дзе ўзяць «легалку»?

«Таму што без кода гэта самвыдат, а з кодам – кніга», – сказала адна таленавітая паэтка.

ОК, калі наяўнасць ISBN для вас прынцыповая, яго лёгка атрымаць, нават калі ваша кніга існуе толькі ў электронным выглядзе.

Пры стварэнні е-бука на smashwords.com вы можаце атрымаць ISBN у адмысловым раздзеле бескаштоўна (гэта неабавязкова, кніга можа быць апублікаваная на рэсурсе і без ISBN). Выдадзены рэсурсам smashwords.com нумар ISBN прымаецца рытэйлерамі, якія патрабуюць наяўнасць гэтага нумара (Apple, Oyster і інш.).

Стваральнікі сайта не рэкамендуюць выкарыстоўваць гэты нумар паўсюль, каб сайт не станавіўся месцам аўтаматычнага атрымання ISBN, але на практыцы менавіта так яно і адбываецца. Зарэгістравалі і вуаля – вы маеце, як той казаў нармальную кнігу, з кодам. Далей усё залежыць толькі ад вас.

Smashwords.com з’яўляецца адной з лепшых платформаў – ён дазваляе атрымаць ISBN, мае зручную сістэму вываду прыбыткаў і дае аўтару адэкватны працэнт. Існуюць платформы, дзе аўтарскі працэнт яшчэ большы, але яны новыя і не маюць сталага кола наведнікаў і вялікай пазнавальнасці.

Міжнародныя платформы пакуль выглядаюць больш выгоднымі для аўтара і чытача. Так, Smashwords дае ад 60 да 85% роялці аўтару. Правы перадаюцца невыключныя і аўтар можа размяшчаць сваю кнігу ў любым іншым месце. Для параўнання: айчынная Kniharnia.by дае 50% за выключныя правы і ўсяго 35% за невыключныя.

Плюс апошніх – беларуская мова інтэрфэйса, але пакуль, як бачыце, аўтар мае ўдвая горшыя фінансавыя ўмовы менавіта на айчыннай пляцоўцы. Пры дасягненні роўнасці ў працэнтах, упэўнены, аўтары аддадуць перавагу беларускаму дыстрыб’ютару, а пры цікавых маркетынгавых захадах, айчынныя платформы маглі б скласці канкурэнцыю  міжнародным.

Для параўнання існуючых платформаў аўтар рэкамендуе болей падрабязны артыкул пра 20 розных вэбсайтаў (на англійскай мове і з апісаннем асноўных параметраў кожнага), праз якія можна прадаваць свае электронныя кнігі.

Комментировать