Жизнь

Дзень Перамогі: хрысціянства vs. мілітарызм

Хрысціянства ў Беларусі прайграе мілітарызму. Прынамсі, вонкава. Гулянні з весялосцю на Дзень перамогі – гэта як трызна пераможцаў на магіле павержанага ворага. Бравада сілы. Папярэджанне іншым ворагам: мы – магутныя.

Днямі мой васьмігадовы сын Дамінік з важным выглядам падзяліўся са мной ведамі, атрыманымі ў школе:

– 9 траўня – Дзень Перамогі!

– Хто каго перамог? – пытаюся я.

– Нейкі дзядуля. Ён быў героем.

Далейшыя спробы дазнацца, што і як ім тлумачаць у школе, не далі плёну.

У СССР у падобным узросце дзеці ведалі выразную карціну. Былі «нашы» і «нянашы»: немцы, белыя, бандыты. «Нянашы» хацелі захапіць, «нашы» перамагалі. Падазраю, што сёння ў школах не могуць дакладна сфармуляваць панятак «нашы». Бо многія «нашы» ўжо ў NАТО, якое «не наша». І тады ў вайне былі «нянашы», але пра іх маўчалі. Зноў жа, трэба тлумачыць пра Савецкі Саюз, пра рэспублікі, якія ўсе разам ваявалі, але цяпер некаторыя «нянашы», а некаторыя «нашы, але не зусім», і г.д.

Культ Перамогі пачаў рэалізоўвацца ад 60-х – праз дваццаць гадоў пасля заканчэння вайны. І культ адразу стаўся не столькі памінальным, колькі агрэсіўна-мілітарысцкім. Магчыма, віной таму быў Карыбскі крызіс, калі новая вайна чакалася з секунды на секунду, і савецкі ўрад мусіў зной думаць пра мабілізацыю грамадзянаў.

Улады сучаснай Беларусі мілітарысцка-агрэсіўным зрабілі свята Дня Рэспублікі, якое афіцыйна лічыцца Днём незалежнасці. А 9 Траўня – гэта дзень масавых гулянняў пад наглядам масавікоў-зацейнікаў, з шашлыком, півам і гарэлкай.

Гулянні з весялосцю на Дзень перамогі – гэта як трызна пераможцаў на магіле павержанага ворага. Бравада сілы. Папярэджанне іншым ворагам: мы – магутныя.

У такой стылістыцы свята развіваецца ў суседняй Расеі. Новы віток ідэалогіі – "Расея ўздымаецца з каленаў". Іншымі словамі, набірае вайсковую магутнасць. Адмыслова створаны брэнд – "георгіеўская стужка". Унутры краіны новы сімвал яднае "чырвоных" і "белых", то бок людзей, адднаных і савецкай сімволіцы, і царскай. А на экспарт, у тым ліку для Беларусі, гэта ўжо ўласна расейскі знак.

У Беларусі апошнія гады ўлады не мелі нічога супраць распаўсюду "георгіеўскіх" стужак, а сёлета пачалі іх прыбіраць і замяняць дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі. У святле інтэрвенцыі Расеі ва Ўкраіну канчаткова сталася зразумелым, што новая расейская сімволіка – гэта не столькі памяць пра мінулую перамогу, колькі знак новых, будучых перамогаў. Не выключана, што ў тым ліку – над кіраўніцтвам Беларусі ў прыватнасці, і над усёй нашай краінай цалкам.

Стужка як знак вайны.

Як пра ўсё вышэй сказанае распавядаць вучням пачатковай школы?

Калі казаць пра Другую сусветную, ўсё можна тлумачыць вельмі проста і выразна. Былі кепскія людзі, якія развязалі страшную вайну супраць чалавецтва. Многія краіны аб'ядналіся, і перамаглі. І вось памяць пра пазбаўлення ад зла мы і святкуем. І ўзгадваем пра ахвяры.

Толькі тады з такім тлумачэннем не атрымаецца трызны з алкаголем і песнямі-скокамі. Бо пра памерлых узгадваюць сцішана. У Беларусі – збольшага ў хрысціянскіх традыцыях.

Мне не раз даводзілася ўжо бачыць, як у беларускай вёсцы на брацкай магіле, увенчанай помнікам у савецкім стылі, ставяць хрысціянскі крыж.

У Валожынскім раёне Менскай вобласці ёсць невялічкая вёсачка Кульшычы. Побач – адзін з некалькіх на ўсю Беларусь крыжоў на магіле салдатаў вермахта. Мясцовыя жыхары ўсе збольшага вернікі. Яны нічога не маюць супраць крыжа на магіле забітых, хай сабе колішніх ворагаў.

Самыя старэйшыя памятаюць трагедыю, якая разыгралася летам 1944-га. Тры дзясяткі салдатаў вермахту адступалі, дакладней, проста ішлі, куды вочы глядзяць па ўжо вызваленай савецкімі войскамі зямлі. Побач з вёскай з лесу выйшлі партызаны, і затрымалі немцаў. Дэ-факто і дэ-юрэ на гэтай тэрыторыі вайна была скончаная, бо фронт паглыбіўся далёка на захад.

Партызаны ішлі ў Мінск афармляцца ў рэгулярнае войска, а немцы не ведалі, што вакол дзеецца, і проста ішлі на захад. Мясцовы дзядуля распавядаў, як хлопчыкам разам з дарослымі хаваў трупы тых немцаў. Замест таго, каб перадаць іх вайсковым уладам, партызаны напіліся, доўга збівалі палонных, а пасля пастралялі, кінулі, і сыйшлі.

Гэта гісторыя нянавісці, якую нам цяжка зразумець, бо мы не перажывалі кашмару вайны.

Крыж у Валожынскім раёне стаўся магчымым дзякуючы моцнай каталіцкай суполцы. У большасці іншых выпадкаў падобным захадам супрацівяцца мясцовыя "ветэранскія арганіацыі". Насамрэч, няма звестак, каб удзельнікі вайны масава супраціўляліся хрысціянскім захадам. Саміх ветэранаў і так з кожным годам усё меней, і меней.

Для многіх звыклай і зразумелай ёсць пазіцыя агрэсіі. Былі нацысты, за імі з'явіўся Захад. І не важна, што Захад калісьці змагаўся з нацызмам.

Пакуль немцы дзясяткамі гадоў каяліся за злачынствы сваіх продкаў, у Савецкім Саюзе і пасля, у постсавецкія часы, раздзмювалася нянавісць да варожага Захаду. І неабходнасці яго ўвесь перамагчы. То бок, перамога над Нямеччынай выглядала не як перамога над безчалавечнай грамадскай сістэмай, а як перамога над часткай Заходняга свету.

Гэта другое пытанне, якое мне будзе цяжка патлумачыць сыну Дамініку, калі ён запытаецца пра чорна-аранжавую стужку. Не пужаць жа дзіцёнка тым, што ў свеце задумаліся пра Трэцюю сусветную…

Хрысціянства ў Беларусі прайграе мілітарызму. Прынамсі, вонкава. Але асабіста я ўжо рады, што ў школах няма старой ненавісніцкай версіі Дня Перамогі. Гэтае дае надзею на перафарматаванне не толькі свята, але ўсяго грамадства.

Комментировать