Жизнь

Да ўсіх, хлопчык, да ўсіх ідзі!

821 Алина Родачинская

Чытаць іншага як кнігу можа быць банальнай метафарай, а можа – экстрымальным размоўным жанрам. Гэты фармат мае адмысловую назву – «Жывая бібліятэка», і існуе ў свеце больш за дзесяць год. «Журнал» наведаў «Жывую бібліятэку» у Мінску і паспрабаваў разабрацца, чаму адны адкрываюць сваю душу незнаёмцам, а іншыя ў яе заглядаюць.

Людзей у андэграўндным мінскім бары назбіралася ўжо пару дзясяткаў, прыходзяць новыя. Некаторыя з падарункамі: «Жывая бібліятэка» святкуе год існавання. За гэты час каманда «бібліятэкараў» аб’ехала краіну ад Бабруйску да Гродна і збірала па 200 чалавек за раз. Ідэя простая – звесці людзей, пра якіх існуюць стэрыятыпы, з тымі, хто хацеў бы стэрыятыпаў пазбавіцца. І даць ім пагаварыць.

«Гэты цудоўны метад прыдумалі датчане ў 2001 годзе, – кажа Марына Штрахава, якая і распачала мерапрыемствы такога кшталту ў Беларусі. – Фармат мне спадабаўся, бо такія складаныя рэчы як барацьба са стэрыятыпамі вырашаюцца такім простым чынам – селі і паразмаўлялі, усё класна. Я два гады жыла з гэтай ідэяй. І мінулай восенню мы зладзілі першую “Бібліятэку” ў Беларусі».

Гэта крыху падобна да Хогвартса.

«Вы кніга ці чытач?» – запытваюцца ў мяне на ўваходзе. Высвятляюць мая ролю ў гэтай сацыяльнай гульні, выдаюць чытацкі білет. Далей фармат наступны: кожны абірае сабе «кнігі» і запісваецца да іх на сэсіі (кожная цягнецца 25-30 хвілін). Потым чытачы мяняюцца «кнігамі».

«А што, калі я апынуся адна з чалавекам сам на сам, што мне ў яго запытвацца?» – непакоіцца знаёмая, якая на Бібліятэцы першы раз.

Такое сапраўды можа здарыцца, але чалавек, які пагадзіўся быць кнігай ужо мае, што сказаць, і, як мінімум, пачаць размову ёсць з чаго. А далей – складаней скончыць. Часам кнігі і чытачы адмаўляюцца разыходзіцца. Сэсія скончваецца, мусіць стартаваць наступная, а людзі ўсё яшчэ гавораць.

«Досведы ў “кніг” вельмі розныя. У нас быў хлопец, які распавядаў пра сваю спробу скончыць жыццё самагубствам. Ён распавёў пра гэта адзін раз. Потым адмовіўся, сказаў, што перажыў гэта і больш не хоча гаварыць. Я была вельмі шчаслівая, – дзеліцца Марына Штрахава. – Бо Бібліятэка не толькі для чытачоў і таго, каб бурыць стэрыятыпы. Багата хто з “кніг” у сваім звычайным жыцці не маюць магчымасці выказацца. Бібліятэка для іх – магчымасць зняць з сябе гэты груз».

Сядаю чытаць сваю першую жывую “кнігу”.

«У меня было всего несколько секунд, чтобы понять – сейчас нужно отступить или, наоборот, сделать движение вперед. Сила ведь у них действительно не контролируемая. Но беспричинно и кирпич на голову не падает: меня ни разу не тронули, а вот санитарке, которая объедала больных, досталось», – распавядае прыгожая жанчына, якая з двума вышэйшымі адукацымі тры гады працавала ў закрытым псіхіатрычным шпіталі санітаркай. Распавядае, чаму гэта зрабіла, што адчувала і што вынесла з гэтага досведу. Яна выступае ў ролі «кнігі» не першы раз і кажа, што ёй гэта цікава, бо падабаецца камунікаваць з моладдзю.

Узгадваю першае наведванне дакументальнага тэатру. Ты прыходзіш як звычайны глядач – пасядзець, паслухаць – і раптам адчуваеш сябе ў эпіцэнтры дзеяння, не ўпэўнены да канца, што быў да таго гатовы. Бо вакол адбываецца не аўтарская фантазія, а жыццё, якое, праўда, не заўжды можна адрозніць ад мастацкага тэксту.

«Внешне все выглядело отлично. Мне было хорошо там. И людям было хорошо, у меня был отличный приход. Но внутри я давно перестал верить и тяготился тем, что учу людей тому, что для меня больше ничего не значит. Честнее было уйти», – наступная мая “кніга” – былы іераманах праваслаўнага манастыра. Цяпер ён той, каго называюць расстрыгай, – сышоў з манастыра і стаў агностыкам.

Чытач можа задаваць любое пытанне, але «кніга» мае права адмовіцца адказваць.

«Так, чалавек гатовы распавядаць пра сябе, але пытанне можа быць занадта асабістым. Альбо можа быць балюча, – кажа Марына Штрахава. – Але не памятаю, каб за гэты год нешта такое здаралася».

Спрэчкі ж былі. Самая яскравая надарылася з дзяўчынай-чайлдфры (childfree называюць сябе людзі, якія не збіраюцца мець дзяцей), якую давялося ратаваць ад хлапца, які ўсё не супакойваўся і паўтараў: «Ну это же не-нор-маль-но!»

Збіраць «кнігі» дзяўчаты-арганізатаркі (а іх пяцёра), пачалі з «дацкага спісу» – пераліку сацыяльных групаў, які склалі самыя першыя арганізатары «бібліятэк». Гэта прадстаўнікі розных рэлігій, нацыянальнасцяў, пэўных прафесій, ЛГБТ-супольнасці.

«Норма, вельмі ўмоўна кажучы, – тое, да чаго мы прызвычаіліся. Напрыклад, у грамадстве прынята меркаваць, што хлопчык і дзяўчынка мусяць ажаніцца, потым мець дзяцей і нараджаць іх у роддоме. Калі нешта будзе ад гэтага адрознівацца – хлопчык будзе жыць з хлопчыкам, дзяўчына з дзяўчынай, пара не будзе хацець дзяцей ці народзіць іх самастойна дома – гэта ўжо фактычна выхад за межы нормы, – Марына тлумачыць, што «кнігі» яны абіраюць, не толькі грунтуючыся на гатовым спісе, але і на пажаданнях чытачоў, бо кожны з іх запаўняе анкету. – Усе, напрыклад, хочуць паразмаўляць з міліцыянерам, але дзе яго ўзяць, калі яны ўсе не хочуць размаўляць з людзьмі?»

Марына Штрахава

 

Дзяўчына прызнаецца, што па вялікім рахунку выбар кнігі суб’ектыўны і грунтуецца на ўласным досведзе арганізатарак, у нейкім сэнсе на іх уласных стэрыятыпах.

«Без стэрыятыпаў людзі б проста звар’яцелі. Бо стэрыятып гэта не толькі пэўнае стаўленне да чалавека, але банальна тое, што прадмет вось такой формы (паказвае на мабільны), – гэта тэлефон. Не было б у мяне гэтага уяўлення, кожны раз даводзілася б наноў аналізаваць усё, што мяне атачае. Але неабходна ў пэўны момант спыняць сябе. Калі ты не асэнсоўваеш сваіх стэрыятыпаў, калі не ўзнікае сумнеў, што магчыма, усё складаней, чым падаецца, гэта ўжо дрэнна. Стэрыятыпы спрашчаюць жыццё, але я б не сказала, што яны дапамагаюць у жыцці арыентавацца.

Так, прасцей лічыць, як усе, арыентавацца на большасць, не закопвацца. Калі чалавек не лянівы, ён знойдзе, на што арыентавацца апроч гэтага, створыць сваю ўласную ідэалогію. І калі ў яго запытацца, можа быць, не адкажа, як яна называецца, але гэта будзе ўласны погляд на жыццё. Такім людзям не так страшна, калі нешта абваліцца, зменіцца. Калі ж асоба лянуецца, то будзе моцна ўпісаная ў сістэму, жыць стэрыятыпамі, якія гадуюцца ў нас з дзіцячага садка, школы і гэтак далей. Але усё можа ў адзін момант разваліцца, як было з Савецкім Саюзам: таго, ува што людзі свята верылі 30-40 год, проста не стала. І гэта было цяжка перажыць».

Большасць з тых, хто прыходзіць на Бібліятэку, унутрана гатовыя ўспрымаць іншага. Нехта прыходзіць «прачытаць» канкрэтнага чалавека, але потым уцягваецца і ідзе да наступнага. Часам на Бібліятэку прыходзяць людзі, якія кажуць, што не маюць стэрыятыпаў, і ў працэсе высвятляюць адваротнае. Бываюць і зусім выпадковыя наведнікі.

«Час ад часу трапляюць людзі, якіх прывялі знаёмыя, абсалютна не ў тэме, – Марына апісвае гэта як свой любімы момант. – І вось чалавек бярэ ў рукі каталог (спіс усіх «кніг», што заяўленыя на сэсіі Бібліятэкі) і пачынае выдаваць: гэты – такі, гэты – такі, да гэтага таксама не пайду, ён вось такі. Да ўсіх, хлопчык, да ўсіх ідзі!»

Калі арганізатары выбралі кнігу, яны праводзяць сумоўе, каб пераканацца, што чалавек гатовы, а таксама прапануюць яму невялічкае апытанне. Менавіта на падставе яго рыхтуецца каталог – спіс кароткіх тэкстаў-анатацый, якія дапамагаюць чытачам зарыентавацца. Вось вытрымкі з каталогу.

Книга 1. Входит в БДСМ-сообщество. Два высших образования, работа связана с управление недвижимостью, в подчинении 120 человек. Считает, что в жизни нечего делать, кроме как получать от нее удовольствие. Помогает бездомным животным.

Книга 2. Домашние роды, личный опыт. 26 лет, высшее образование, маркетолог, с мужем официально не расписаны, вместе 4 года, снимают дом. Мечтает о лучшем будущем для детей, в котором из них не растят винтиков системы, а дают человеку возможности для самореализации, право выбора и свободу.

Книга 9. Китаянка, живущая в Минске. Приехала из Пекина. Любит танцевать сальсу, играть в сквош и выбираться перекусить с друзьями.

Книга 12. Фриган. 27 лет, высшее образование, вегетарианец, харизматичный, дружелюбный, общительный, непунктуальный, вспыльчивый, немного безответственный. Не приемлет любые формы дискриминации. За один год получил 4 перелома.

Марына прызнаецца, што займела «прафесійную дэфармацыю»: з кім бы ні знаёмілася, адразу ацэньвае, ці можа чалавек стаць кнігай. Але стэрыятыпаў канчаткова не пазбавілася.

«Што мяне дасюль палохае – гэта жанчыны ў хіджабах, цалкам закрытыя. Я нічога не магу з сабой зрабіць, мне проста страшна. Я разумею, што гэтая рэакцыя сфармаваная прапагандай пра мусульман-тэрарыстаў. Я знаёмілася з гэтымі жанчынамі, размаўляла, яны класныя, але пазбавіцца ўбітага ў галаву гадамі рэфлексу не магу», – гэты час яна рыхтуе пачастунак для гасцей – вегетарыянскія канапэ. Побач стаіць яе паплечніца Ганна і час ад часу ўцягваецца ў размову: «Но ведь не на пустом месте рождаются стереотипы, как думаешь?»

«Зразумела, што на не пустым месцы, і сапраўды існуюць такія жанчыны, якія прытрымліваюцца не самых мірных поглядаў. Проста нейкія стэрыятыпы дадаткова піярацца ў СМІ і перарастаюць у скажонае ўяўленне пра тых ці іншых людзей. Але я хаця б ўсведамляю, што рэагую стэрыятыпна. Калі-небудзь пераадолею, не?» – і глядзіць з пытаннем на сяброўку.

Тая ўсміхаецца ў адказ.

Комментировать