Политика

Чарнобыльскі шлях: 27 гадоў унутры сябе

451 Севярын Квяткоўскі

У гурта N.R.M. ёсць песня «25, 26, 27».Тэкст складаецца з уяўных рэплік міліцэйскага начальніка, які кіруе разгонам дэманстарцыі. Настрой у персанажа песні будзённы, работа для яго – руціна, а ў вугуле "ўсё нармальна".

У назве "25, 26, 27" закладзеныя тры даты, тры падзеі ў гісторыі Беларусі, да якіх ладзіліся альтэрнатыўныя афіцыёзу масавыя мерапрыемтсвы. 25 сакавіка – дзень утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі (Дзень Волі), 26 красавіка – дзень Чарнобыльскай трагедыі, і 27 ліпеня – абвяшчэнне Дэкларацыі Незалежнасці ў 1990-м. Апошняе неяк само сыйшло з павесткі дня, бо фактычна дублявала Дзень Волі. А вось «25-26», як браты-блізнюкі, ідуць разам ужо 25 гадоў.

І святкаванне Дня Волі, і Чарнобыльскі шлях упершыню адбыліся ў 1989 годзе, калі пра распад СССР і незалежнасць Беларусі людзі збольшага гаварылі як пра досыць аддаленую перспектыву. Сама магчымасць збірацца і ладзіць масавыя мітынгі, не санкцыяваныя партыйным кіраўніцтвам з Масквы, ужо давала адчуванне фантастыкі і радаснай эйфарыі.

У арганізацыі абодвух мерапрыемстваў бралі ўдзел прадстаўнікі розных прадэмакратычных арганізацый ды ініцыятываў, але рэй вялі сябры "Руху за Перабодову "Беларускі народны фронт "Адраджэнне".

З таго часу так і пайшло, што Чарнобыльскі шлях стаўся як бы другой серыяй Дня Волі. Фармальна мерапрыемствы мелі розныя падставы. Першае – святкаванне абвяшэння першай незалежнай беларускай дзяржавы, а другое – памяць па ахвярах трагедыі і перасцярога жывым пра тое, што наступнствы Чарнобыля не зніклі і будуць пагражаць не адзін год.

Але і «25» і «26» дэ-факта сталіся апазіцыйнымі да ўлады. Спачатку – улады камуністычнай. Да КПСС былі вельмі канкрэтныя прэтэнзіі, у выпадку з Чарнобылем галоўнае звінавачанне было ў хлусні.

Усе, хто памятае сябе ў 1986-м, узгадаюць дзень 26 красавіка, калі дзеці спакойна ішлі ў садкі і школы, дарослыя – на працу, пасля дарослыя з дзецьмі гулялі на вуліцы. І наступныя дні панавалі мір і спакой. 1 траўня па завядзёнцы сотні тысяч беларусаў бралі ўдзел у святочных дэманстрацыях. У вялікую спёку, калі ўплыў "свежай" радыяцыі быў вельмі моцны.

Бадай, толькі ў кароткі час між абвяшчэннем незалежнасці да з'яўлення першага прэзідэнта (1991-1994) Чарнобыльскі шлях меў акцэнт уласна на памяці і перасцярозе, хоць улада таксама крытыкавалася, бо пры ўладзе збольшага заставаліся тыя ж самыя партыйныя бонзы, які бралі ўдзел у падмане 1986 году.

Відаць, самы вядомы Чарнобыльскі шлях адбыўся ў 1996 годзе. Беларуская "Вікіпедыя" больш чым сціслая ў адлюстраванні падзеі: "Дэманстранты былі лакалізаваныя цвёрдымі дзеяннямі АМАПу, было затрымана вельмі шмат удзельнікаў".

ЧШ'96 быў самай масавай апазіцыйнай акцыяй часоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі: па розных падліках цягам дня 26 красавіка 1996 г. у акцыі ўзялі ўдзел ад 50 да 60 тысяч чалавек. Уласна АМАП складаў невялікую частку міліцэйскіх сілаў, кінутых на супрацстаянне з дэманстрантамі. Як казаў мне знаёмы міліцыянт, тады высунулі на вуліцы Мінска усіх магчымых супрацоўнікаў МУС, нават супрацоўнікаў пашпартных сталоў.

Нягледзячы на лакальныя сутычкі з міліцыяй, большасць дэманстрантаў мела мірны настрой. Так, былі перакуленыя машыны ДАІ, разбітыя галовы, але я сам бачыў сітуацыі, калі сілавікі траплялі ў пасткі – у мора людзей, і ніхто не чапаў людзей у пагонах.

Таму калі казаць пра тое, што "дэманстранты былі лакалізаваныя цвёрдымі дзеяннямі АМАПу", то трэба мець на ўвазе, што большасць і не збіралася нічога рабіць, апроч мірнага пратэсту. 

Магчыма, гэтая формула – нічога, апроч мірнага пратэсту – гэта квінтысенцыя ўсіх апазіцыйных акцый у Беларусі за апошнія 25 гадоў.

Чым не стаў Чарнобыльскі шлях? У адрозненне ад Дня Волі, дзень Чарнобыльскай трагедыі – ўсіхны, агульны. Можна прызнаваць ці не прызнаваць БНР і ейную значнасць для лёсу Беларусі – але чарнобыльская трагедыя закранула ўсіх, незалежна ад палітычных ці якіх іншых поглядаў.

Калі прызнаць, што Чарнобыль – гэта беларускія Хірасіма і Нагасакі, можна было б чакаць, што і ўгодкі трагедыі штораз будуць аб'ядноўваць беларусаў. Нішто так не яднае, як супольная бяда.

Але яднання не сталася з дзвюх, на мой погляд, прычынаў. Ад пачатку не маглі аб'яднацца хлусы, і тыя, хто вінаваціў хлусаў. То бок трагедыя адразу ж у той самы дзень 26 красавка 1986 году заклала бомбу падзела грамадства.

На момант з'яўлення Лукашэнкі ў якасці кіраўніка краіны, акцыя сфармавалася як апазіцыйная. Абвесціўшчы сябе ідэйным пераемнікам светагляду і грамадскіх адносінаў узору БССР, Лукашэнка аўтаматычна стаўся аб'ектам той самай крытыкі, запачаткаванай першым Чарнобыльскім шляхам у 1989-м.

Але аб'яднання не адбылося і ўнутры той часткі грамадства, якая бачыла свет у альтэрнатыўным лукашэнкаваму варыянце. Арганізатары трапілі ў пастку, якую самі і стварылі. З аднаго боку, яны заклікалі далучыцца ўсіх неабыякавых беларусаў, з іншага – рабілі той сцэнар, на які натуральным чынам мелі права як ініцыятары. А значыць, карэктавалі ўдзел і паводзіны іншых грамадскіх ініцыятываў, тым самым адбіваючы ў іншых ахвоту далучацца да "чужога" мерапрыемства.

Адзін з самых удалых, як па мне, Чарнобыльскіх шляхаў з грамадскага пункту гледжання быў на пачатку 2000-х, калі адной калонай ішлі правыя, левыя, анархісты, кансерватары, палітычныя актывісты, мастакі-перформеры, людзі з іконамі, і людзі са сцягамі. Удала, бо прадстаўніча – для ўсіх.

Пуктам супярэчання сталася бачанне падзеі: яна найперш палітычная ці мемарыяльная? З часам арганізатары, якія прынцыпова не змяняліся ад 1989-га, зрабілі акцэнт на палітычным аспекце. І тым самым адсеклі многіх ахвочых ад сустварэння сцэнара і ідэалогіі мерапрыемства.

Ёсць такое слова – кампанія, якое мае ў беларускай мове тры значэнні. Першае, ад ангельскага campaign – той ці іншы рух людзей дзеля пэўнай канкрэтнай мэты. Такая кампанія можа быць вайсковай, рэкламнай, палітычнай ці грамадскай.

Есць яшчэ кампанія як група людзей, аб'яднаных паводле пэўнага інтарэсу, у прастамоўі – кумпанія.

І кампанія ад ангельскга company – фірма, арганізацыя.

У Беларусі часта блытаюць campaign і company, хоць і там, і там – людзі, аб'яднаныя пэўным інтарэсам.

Розніца ў тым, што campaign для ўсіх, а company мае строгую рэгламентацыю адносінаў.

Ствараючы грамадскую кампанію, ты маеш шанец далучыць да яе мноства людзей, але адначасова і рызыкуеш згубіць кіраванне сваім дзецішчам. Мне падаецца, сёння праблема ў грамадскіх дзеячоў у тым, што жадаючы ладзіць campaign, яны адначасова хочуць мець права ўласніка, як у company. Гэта праблема не толькі Чарнобыльскага шляху, гэта датычыць практычна ўсіх ініцыятываў, якія называюць сябе "грамадскімі кампаніямі".

Магчыма, у свой час з Чарнобыльскага шляха могла б атрымацца company як "Чарнобыльская партыя" – такі адмысловы беларускі аналаг еўрапейскіх "зялёных".

Сёлета я не пайду на Чарнобыльскі шлях. Бо я не бачу ані campaign, ані company. Я бачу кумпанію. А кумпанія ў кожнага свая.

З іншага боку, я разумею, што тэма Чарнобыля, як і мноства іншых грамадска значных праблемаў, сціхла толькі да пары да часу. Людзі баяцца ўлады, а хто не баіцца – стаміўся ад аднастайнасці. Усе разам чакаюць пераменаў. Гэта бачна па тым, як актыўна абмяркоўваюць праблемы ў сваіх прыватных кумпаніях.

Комментировать