Мнения

Чаму коцікі лепшыя

1346 Марыя Мартысевіч

Віталь Цыганкоў – таленавіты журналіст, харошы чалавек і attention whore у пазітыўным сэнсе гэтага словазлучэння. Бо асабіста я лічу, што хацець прыцягваць да сябе ўвагу – нармальна. Віталь, у прынцыпе, нашай увагай не злоўжывае, накідвае на вентылятар акуратна, інтэлігентна, па справе і не часцей, чым раз у дэкаду.

Адна бяда: яго месца працы – Радыё Свабода – аўтарытэтны рэсурс са шматтысячнай аўдыторыяй, а не яго персанальны блог. Працуючы для Радыё Свабода, трэба вывернуцца і знайсці інфанагоду, значную для грамадскасці – толькі такім чынам рэдакцыя дазволіць прыцягнуць да сябе ўвагу на працоўным месцы.

І Віталь Цыганкоў вельмі стараецца: прыдумвае сапраўды розгаласныя тэмы, шукае, палюе, сёрфае.

І вось на днях, калі журналісту зноў захацелася ў цэнтр увагі, на вочы яму трапіўся прэс-рэліз Беларускага ПЭН-Цэнтру, у якім заяўлялася пра нібыта «дыскрымінацыю рускамоўных пісьменнікаў».

Не трэба быць рухавічком Gemius’у, каб пралічыць аўдыторыю РС. Рэдакцыя ведае, што падняць на рэсурсе моўнае пытанне – гэта як паказаць калейдаскоп эпілептыку. Прыступ гарантаваны.

Навіна пра сход ПЭНу вісела на сайте ў якасці галоўнай увесь святочны вечар 8 сакавіка. Нягледзячы на свята, Віталь Цыганкоў не паленаваўся сесці за кампутар і сабраць каментары ў літаратараў, палова з якіх іх даць адмовілася, падкрэсліўшы нязначнасць праблемы. Але журналіст не здаваўся. Ён тэлефанаваў, пісаў, задаваў пытанні. Дзьмуў, дзьмуў і – разьдзмуў. Дзякуючы ягонаму бліскучаму матэрыялу Сяргей Дубавец выходзіць з ПЭНа. А мы думалі, традыцыйная журналістыка больш ні на што не ўплывае!

Зразумела, менавіта «дыскрымінацыі» рускамоўных пісьменьнікаў у нас няма. Ціхан Чарнякевіч, які складаў прэс-рэліз ПЭНа прызнаў, што няправільна падабраў слова. Патлумачыў і верагодныя падсвядомыя прычыны – сугестыю апошніх месяцаў, калі разгортвалася непрыемная сітуацыя вакол кнігі «Полигон» Андрэя Лазуткіна. Афішаваць абставіны гэтай пачварнай гісторыі можа толькі кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў, але яно, на жаль, афіцыйных каментароў не дае.

Можа быць, таму Ціхан напісаў пра «дыскрымінацыю». Хоць, на мой погляд, у рэлізе варта было б казаць проста пра роўныя ўмовы для рускамоўных і беларускамоўных пісьменнікаў на прэміі «Кніга году».

Асабіста я лічу, што ў Беларусі існуе сур’ёзная дыскрымінацыя пісьменнікаў незалежна ад мовы іх творчасці. Гэтая дыскрымінацыя прыводзіць да маргіналізацыі літаратараў як класу, да вымяшчэння таленавітых аўтараў у іншыя сферы дзейнасці, да іх творчай эміграцыі. Адна з вострых праяваў такой дыскрымінацыі – уціск на прыватныя выдавецтвы і кнігарні, яна мае месца акурат цяпер, і мы – і руска-, і беларускамоўныя пісьменнікі – аднолькава востра адчуваем гэты ўціск. Адзінае выйсце – кансалідавацца і дзейнічаць разам. Што, у прынцыпе і робіцца. Каб уратаваць ад закрыцця кнігарню «Логвінаў», грошы даслала тысяча чалавек. Як вы думаеце, колькі з іх былі беларускамоўнымі? Адказу няма, бо ніхто ні ў каго не пытаўся пра мову.

Іншы прыклад – выдаветцтва «Регистр» у лютым гэтага году падвяло вынікі конкурса «Первая глава». Нягледзячы на тое, што палітыка выдавецтва – раскрутка лакальных аўтараў якія пішуць па-руску, у адной з намінацый перамог аўтар, які піша на беларускай мове і, выглядае, «Регистр» збіраецца яго публікаваць. У літаратурным клубе Grapho, які арганізавала рускамоўная пісьменніца Юлія Чарняўская, удзельнічае досыць беларускамоўных аўтараў. Рускамоўны Георгій Барташ праводзіць штогод «Фэст аднаго верша», дзе нязменна перамагаюць творы, напісаныя па-беларуску. Зміцер Вішнёў друкуе ў «Галіяфах» авангардных аўтараў як па-беларуску, так і па-руску.

Прыклады можна множыць: сёння не існуе бадай ніводнай жывой літаратурнай ініцыятывы, якая зацыклівалася б на нейкай адной з нашых дзяржаўных моваў. Моўная тэма сёння – проста адна з нагодаў для бясконцых інтэрнэт-срачаў, і гэта па-свойму добра. Нарэшце важныя ідэі 1990-х пайшлі ў народ і абмусольваюцца не толькі купкай інтэлектуалаў.

І таму калі ты працуеш для рэспэктабельнага СМІ, ты не будзеш апускацца да срачу, разжываючыся трафікам на чужых агаворках.

Як жанчына я заўсёды нервова рэагую, калі асоба майго полу спрабуе прыцягнуць увагу ў соцсетках, посьцячы пікантныя фота. Але, калі я бачу, як у паважаным мною СМІ інфармацыйная нагода ствараецца на пустым месцы, то думаю: лепш ужо цыцкі. Бо варта сфоткацца ў станіку, апранутым паўзверх майкі – і ўсім ужо пофіг, на якой мове ты падпісала фотку.

Нямецкі таблоід Bild, афармляючы свае палосы адпаведна рэфлексам спажыўца, кіруецца правілам ТТТ: «Titten, Tötung, Tiere» («Цыцкі, забойства, звяры»). Гэта значыць, на кожнай паласе абавязкова мусіць быць або прыгожая (пажадана аголеная) дзяўчына, або мярцвяк ці штосьці акрываўленае, або жывёлка. Прычым жывёлка можа быць любая. Так, матэрыял пра сімпозіум лысых, сівых і несэксуальных навукоўцаў дазваляецца праілюстраваць фоткай савы, таму што сава – сімвал мудрасці.

Чаму коцікі лепей? Таму што гэта бяскрыўдны, сумленны, а галоўнае – пазітыўны спосаб падвысіць наведвальнасьць сайту. Калі, канешне, падчас публікацыі коцікаў не былі парушаныя правы сабак.

Менавіта таму мой сёлетні кумір – Тацяна Заміроўская, якая ў гэты цяжкі, крызісны для музычнай журналістыкі час, знаходзячыся ў творчай эміграцыі, робіць для сайта kyky.org агляды навінаў пра жывёлак.

Шаноўная рэдакцыя «Радыё Свабода»! Перастаньце раздзьмуваць скандалы на роўным месцы, а лепей посціце коцікаў! Хоць новую аўдыторыю прыцягнеце – у сітуацыі заняпаду традыцыйных медыяў every click matters.

Комментировать