Жизнь

Беларускія інтэлектуалы: не ў гета, але ў лесе

926 Севярын Квяткоўскі

«Час менеджараў культуры» ў Беларусі яшчэ не надыйшоў. Інтэлектуалы «сыходзяць у лес», але не з-за ціску і неспрыяльных ўмоваў – а таму, што месца інтэлектуалаў заўсёды «ў лесе», «на сваім уяўным хутары, у сваёй уяўнай зямлянцы», лічыць Севярын Квяткоўскі.

У мяне сябры вырашылі зрабіць культурны цэнтр. На ўскрайку Беларусі. На хутарах. Я яшчэ не ведаю, ці будуць яны афішаваць свой праект. Усё пакуль робіцца прыватна. Выкупляюцца апусцелыя хаты пасярод маляўнічых краявідаў. Вядуцца прыватныя размовы з творцамі і менеджарамі культуры.

Я сам хачу там прыдбаць хутар. Не як лецішча – ехаць далёка. Але як апірышча ў асяродаку сваіх. Такіх розных, але такіх блізкіх па светаглядзе ды проста зацікаўленнях.

Нядаўна вярнуўся з вандроўкі на байдарках. 11 чалавек. Непадобных у дэталях быта, нават рэгулярна спрачаліся, як гатаваць вячэру. І такіх блізкіх па духу: Беларуская Ідэя, мастацтва ўвогуле і літаратура ў прыватнасці. Ды проста свабодалюбівая і крэатўная жыццёвая пазіцыя – гэта сур'ёзня аргументы, каб індывідуалісты па сваёй натуры на тыдзень сталі адной грамадой. Такі сабе прататып культурнага цэнтру, толькі не на хутарах, а на вадзе.

Філосафы і літаратары Валянцін Акудовіч і Ігар Бабкоў заснавалі гэтую вандроўку. Менавіта заснавалі – як праект. А карані яшчэ далей – у пачатку 1990-х, у вандроўках Сяргея Дубаўца і каманды – «нашаніўцаў» часоў беларускага Адраджэння. Ці Нараджэння.

Зрэшты, і Сяргей Дубавец, і іншыя інтэлектуалы ў складзе сваіх суполак штолета разыходзяцца па рэках Беларусі. У часе такіх вандровак нараджаюцца новыя ідэі і нават канкрэтныя праекты. Вандроўныя дыскусійныя клубы і творчыя лабараторыі.

Ці былі б падобныя вандроўкі, калі б не было ціску на грамадскае ўвогуле і культурнае ў прыватнасці жыццё ў Беларусі? Думаю, так. Вандроўкі самі па сабе рэч захапляльная і карысная для здароўя.

«Трэба выходзіць з інтэлектуальнага гета!» – катэгарычна заяўляе мой прыяцель. А я думаю: а што тады антонім гета – мэйнстрым? А як тады інтэлектуальнае можа быць мэйнстрымам? Як канцэрт сімфанічнай музыкі можа быць больш папулярным за канцэрт Мадоны?

Калі незалежныя, чытай – непадцэнзурныя дзяржаве, беларускія творцы сядзяць у гета, то, відаць, дзяржава – гэта мэйнстрым? Дзяржаўныя выдавецтвы якасна канкуруюць з двума з паловай незалежнымі? Можа, на вуснах беларусаў – абмеркаванне новага рамана Чаргінца, а не Ігара Бабкова ці Артура Клінава?

Не. Кнігі дзяржаўных беларускіх выдавецтваў займаюць вельмі сціплыя пазіцыі ў дзяржаўных жа кнігарнях. А прыватных амаль няма. Бо ў дзяржавы – фактычная манаполія на распаўсюд.

Дзяржава — гэта ж такое самае «гета», калі казаць пра літаратуру; яна, як сабака на сене, сядзіць на інфармацыйных каналах, тэлевізійных у першую чаргу, і сама не можа якаснага прадукту прапанаваць, і не прапускае тое, што магло б выбіцца.

Навошта тады творцам і мэнэджарам культуры гуртавацца на ўскрайку Беларусі на хутарах у культурны цэнтар? Можа, каб псіхалагічна падтрымаць сябе-самотных, пакінутых без увагі? Навошта сыходзіць у лясы на байдарках, роварах і на сваіх дваіх, і там выношваць новыя праекты, калі плён пабачаць усяго некалькі тысяч чалавек? Таму, што культура сама па сабе не ўплывае наўпрост на грамадства.

Гэтым летам я быў на рок-фэстывалі ў Браславе. Прыватная ініцыятыва мясцовага рок-энтузіяста Сяргея Садоўскага. Браслаўчанін прызнаўся, што калі б у райвыканкаме старшынём не стаў меламан, нічога не атрымалася б.

Ва ўмовах узурпацыі інфармацыйных каналаў у Беларусі ўсё вырашае выпадак і... культурная падрыхтаванасць тых, хто пры ўладзе.

Час менеджараў культуры надыдзе, калі грамадская сітуацыя і інфармацыйнае поле ў Беларусі стане больш-менш свабодным. Тады актуалізуюцца такія словы, як «прамоцыя» і «прасоўванне».

Гэта прыблізна, як у 1980-х некалькі соцень энтузіястаў-адраджэнцаў прыдумлялі сваю новую несавецкую незалежную Беларусь. Яны выглядалі, як вар'яты ці, у лепшым выпадку, як клуб па інтарэсах.

Надышоў час, і ідэі, якія некалі падаваліся фантастычнымі, ўвасобіліся на дзяржаўным узроўні.

Ідэі, веды, кірункі – толькі праз сістэму дзяржаўнай адукацыі яны могуць атрымаць найбольшую масавасць.

Але дзяржава – гэта форма, каркас. Унутры яго існуюць жывыя людзі. Тыя, што нараджаюць ідэі на хутарак і пры вогнішчах на берагах беларускіх рэчак.

Інтэлектуалы заўжды займаюцца сваімі справамі, незалежна ад стану грамадства. Можна сказаць, што інтэлектуал заўжды «ў лесе» – на сваім уяўным хутары, у сваёй уяўнай зямлянцы ці ў вандроўцы па бязлюдных мяцінах. Нават калі інтэлектуал сядзіць у прэзідыюме канферэнцыі ці за дыскусіўным круглым сталом.

Адначасова інтэлектуал сочыць за грамадствам. Грамадству можа гэта не падабацца, але інтэлектуал яго даследуе. Даследуе, і дае свае рэцэпты.

Скарыстацца ці не – справа грамадства. Без інтэлектуалаў грамадства ператвараецца ў казарму. А наўпрост на выбар грамадства інтэлектуал уплываць не можа. Інакш ён ператворыцца ў палітыка. А гэта цалкам іншая прафесія.

 

Фота

Комментировать