Арт

Беларуская літаратура ў адбітку вітрыны дзяржаўнай кнігарні

328 Севярын Квяткоўскі

Выйсце для беларускай літаратуры – не ў “прарыве” ў дзяржаўныя кнігарні, а ў стварэнні незалежных пляцовак для прамоцыі і распаўсюду кніг – і ў граматным культурным мэнэджменце.

Размовы пра сучасны стан беларускай літаратуры нагадваюць мне зацягнулую спрэчку паміж сябрамі. Калі б былі незнаёмыя людзі, дык разышліся б, і няма праблемаў. А тут і давесці сваю рацыю хочацца, бо сваім даводзіш, і штосьці не атрымліваецца, штосьці прабуксоўвае.

Гэтае "штосьці" ў маім разуменні – жаданне ўважаць сітуацыю ў Беларусі калі не цалкам нармальнай, дык амаль нармальнай.

Апошнім часам я перыядычна чую пытанне "ці можна праз раскрутку літаратурнай прэміі пашырыць колькасць кніжак незалежных выдаўцоў у дзяржаўных крамах?"

Для мяне такі падыход гучыць прыблізна "а ці можна праз утварэнне і раскрутку Антысавецкай прэміі зваліць савецкую ўладу?"…

Пытанне ў іншым: як зрабіць так, каб прыватныя кнігарні ў Беларусі развіваліся і канкуравалі з дзяржаўным кнігараспаўсюдам, які мае фактычную манаполію?

Вельмі часта я сустракаю беларусаў, якія выглядаюць нават не замежнікамі, а іншапланетнікамі: "А чаму так мала кавярняў?", "А чаму чэргі ў “Беларусбанку”?", "А чаму няма беларускіх кніжак у кнігарнях?"

Напрыклад, людзі не ведаюць, што пад 80% беларускай эканомікі – дзяржаўныя. І што друк і – галоўнае – распаўсюд друкаванай прадукцыі таксама фактычна манапалізаваны дзяржавай. Таму кніжак пераможцаў прэміі імя Гедройца там не будзе не таму, што мала працаваў PR-аддзел прэміі – а таму, што ідэалагічны аддзел прадпрыемства не прапусціць незалежную актыўнасць.

Яшчэ некалькі гадоў таму ў "Цэнтральнай кнігарні" ў выдавецтва "Логвінаў" быў свой цэлы куток-закуток. А цяпер "Логвінаў" закрыты, і выдавецтва наладжвае працу з-за мяжы.

Трэба прызнаць і засвоіць той факт, што дзяржава выдзеліла пэўную квоту на назалежныя рухі. Напрыклад, на больш як двухмільённы Менск існуе тры незалежных кнігарні, адно выдавецтва, пару клубаў, дзе могуць выступаць музыканты з умоўнага "чорнага спісу", ды пара прыватных галерэяў.

Дзяржава дае колькі пляцовак для культурнага і эмацыйнага выхлапу той крэатыўнай публіцы, якая не паддаецца ўплыву ідэалагічных рэатранслятараў. Заадно і прыглядаць за публікай зручна: гэтыя сюды ходзяць, гэтыя туды, а калі пляцовак было б пару дзясяткаў на Мінск – як усіх адсачыць?

З іншага боку, дзяржава не здатная канкураваць па якасці працы не толькі, і не столькі з незалежнікамі, якіх пільнуе ідэалагічнымі фільтрамі. Галоўны канкурэнт – прадукт з Расіі.

Узгадваю адзін са скандалаў сярэдзіны 2000-х, калі ў маленькай кнігарні сеткі "Праваслаўная кніга" прадавалася антысіміцкае выданне. Тое, што ў Расіі, магчыма, не трапляла пад крымінальнае заканадаўства, у Беларусі недзвюхсэнсоўна трактавалася як распальванне міжнацыянальнай варожасці ды абраза гонару і годнасці па рэлігійнай прыкмеце.

Зрэшты, гэта скрайні прыклад, які ілюструе, што беларускія спецслужбы гатовыя ўбачыць у альбоме "Беларусь прэс-фота" "экстрымізм", а ў сапраўды шкоднай для грамадства ідэалогіі, але расійскага, чытай "брацкага", паходжання, нічога не заўважаць.

Збольшага праблема ў тым, што беларуская дзяржава ў інфармацыйнай прасторы не здольная канкураваць у прынцыпе – не толькі з невялікім, але актыўным, незалежніцкім асяродкам, але, найперш, з вялікай па колькасці прадукцыі з Расіі.

Вось малады паэт, чыя першая кніга выйшла ў беларускім дзяржаўным выдавецтве. Кніжка зробленая шыкоўна. Фактычна, гэта мара кожнага літаратара – каб ягоныя кніжкі выходзілі ў такой якаснай паліграфіі і такім стылёвым дызайне.

Малады паэт плача. Ён ведае, што ягоная кніжка ніколі не будзе прачытаная. Больш за тое, ён нават не зможа выкупіць частку накладу. Усё, што паэт мае на прамоцыю – пару дзясяткаў аўтарскіх асобнікаў. Кніжка шалёна дарагая!

А схема такая. Дзяржаўнае выдавецтва мае фінансаванне з дзяржаўнага бюджэта. І ўнутры выдавецтва для працы не патрэбныя такія паняткі як "кан'юнктура рынка", "трэнд" і "мэйнстрым". Ды там чарга з аўтараў запланаваная на пяць гадоў наперад!

А тут канец года, і раптам бачна, што грошы незасвоеныя. І тут бярэцца малады паэт, і яму робіцца самая дарагая кніжка года. Уф, паспелі! Цяпер на наступны год можна прасіць больш грошай.

Тым часам шырокія чытацкія колы абіраюць актуальны прадукт на расійскай мове. Ды справа нават не ў мове, а ў бачанні свету: ён не беларускі ў большасці друкаванай прадукцыі, якая прадаецца з беларускіх палічак.

Нават калі б актуальнага беларускамоўнага аўтара пераклалі на расіскую, ён бы не прайшоў ідэалагічныя фільтры. І не трапіў бы ў расійскі бізнес, бо там няма адмыловага "беларускага сегмента". Там ідзе проста – “на былы СССР”.

Тым не менш, не варта ўсё спісваць на закасцянеласць беларускага дзяржаўнага "ідэалагічнага аддзелу".

Незалежніцкі сегмент беларускага грамадства, у прыватнасці мэнаджары культуры, цалкам у стане стварыць, прынамсі, у сеціве, пляцоўку, дзе цікаўны зможа атрымаць інфармацыю пра сучасную беларускую літаратуру. Спампаваць электронную версію кнігі, заказаць папяровую, прачытаць рэцэнзію: як крытычную, такі аглядальніцкую.

Як зрабіць так, каб прыватныя кнігарні развіваліся і канкуравалі з дзяржаўным кнігараспаўсюдам, які цяпер мае фактычную манаполію? Вядома, змяніць сістэму ўзаемаадносінаў між грамадствам і дзяржавай.

Літаратары і выдаўцы самі па сабе грамадскую сістэму змяніць не могуць. Затое могуць паказаць на прыкладзе незалежнага асяродку, якімі адносіны могуць быць.

Сёння ўжо існуе шэраг сайтаў, якія нібыта “заточаныя” пад рэалізацыю гэтай ідэі – але ці насамрэч яны для гэтага прыдатныя? Стварыць сайт – невялікая праблема. Толькі нават у той непадцэнзурнай прасторы, у тым люфце, які пакідае дзяржава незалежнаму грамадству, адбываецца актыўнасць культурных партызанаў, якія найперш рэалізуюць уласныя фантазіі, а не ўзгодненую стратэгію.

Знаходзяцца грошы на выданне кніжак, і нават на прэзентацыі. Але адсутнічае як інстытуцыя літаратурны і, шырэй, культурны мэнэджмент.

Мы жывем у медыйную эпоху. Няма раскруткі ў медыях – няма аб’екту для інтарэсу. Якім бы глыбокім і шматзначным аўтарам не быў сёлетні пераможца прэміі імя Гедройца Ігар Бабкоў, інфармацыя пра ягонае залатое лаўрэацтва застанецца пяцьдзесят восьмым радком ў нізе стужкі навінаў на папулярным партале.

Бо журналісту трэба дапамагчы разабрацца ў літаратурных актуаліях. Журналіст не будзе чытаць крытыку выпускніцы філфаку, нават вельмі прызнанай у сваім вузкім коле. Бо малады крытык з філфаку напіша сваю крытыку, як курсавую для выкладчыка. І журналісту, і чытачу патрэбны прадукт ад прафесійнага піаршчыка.

Можна пачаць з такіх паняткаў як PR, прамоцыя, і ў цэлым камунікацыя. Можна пачаць з папулярызацыі імя Ежы Гедройца, асобы еўрапейскай велічыні, які народзіўся ў Мінску, і імём якога "чамусьці" названая літаратурная прэмія з самым вялікім на сёння ў Беларусі прызавым фондам – дзесяць тысяч еўра.

У грамадстве, якое часткова жыве мінулым, а часткова мроямі пра будучыню, бракуе здаровага рацыяналізму і пазітыўнай агрэсіі.

 

Фота: bymedia.net

Комментировать