Арт

Айцец Аляксандар Надсан: «Беларусы — адзінаасобнікі. Ці партызаны»

2247 Кастусь Лашкевіч

Сёння спаўняецца тры гады, як выправіўся ў вечнае падарожжа айцец Аляксандр Надсан — духоўны лідар беларусаў свету, уніяцкі святар, даследчык і шматгадовы гаспадар беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра ў Лондане, дзе месціцца легендарная Скарынаўская бібліятэка.

Айцец Аляксандр быў першым, хто прывітаў нас з Андрэем Аляксандравым, выдаўцом і рэдактарам «Журнала», у Лондане, куды мы прыехалі вучыцца ў верасні 2011-га. Апошні раз я бачыў яго за некалькі дзён да вяртання ў Мінск, у ліпені 2014 г. За гэтыя амаль тры гады, больш за палову якіх я пражыў пры Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры імя св. Кірылы Тураўскага, Надсан стаў часткай майго жыцця.

Я перыядычна даймаў яго пытаннямі — не так часта, як трэба было. Аднак яно звычайна так: калі жывеш побач, а дакладней — у суседнім доме, падаецца, што заўтра абавязкова будзе больш часу, чым сёння… Шкадую, што маіх ведаў было недастаткова, каб паводле частых намёкаў айца зразумець, пра што ішлося, каб развіць адны тэмы і прапусціць іншыя.

Як і многія іншыя, я пытыўся, ці не збіраецца ён напісаць мемуары. Айцец да падобных прапаноў заўжды ставіўся скептычна, адказваючы, што варта рабіць тое, што апроч яго не зможа зрабіць ніхто іншы — скончыць перакладаць «Псалтыр», падрыхтаваць да друку ўспаміны аднаго з яго настаўнікаў айца Льва Гарошкі...

Самыя цікавыя гісторыі айцец распавядаў у часе застолляў. Аднак чым далей, тым менш бавіў за імі часу.

Ад’язджаючы з Альбіёну год таму, я запланаваў аформіць нашы гутаркі, некаторыя з якіх запісваў, у паўнафарматнае інтэрв’ю. Аднак не даў рады, бо дакладна ведаў, што сам айцец да падобных публікацый ставіцца больш, чым стрымана.

Калі сёлета айца не стала, я пераслухаў нашу апошнюю размову, якая адбылася напрыканцы чэрвеня 2014-га ­— столькі ўсяго мудрага і важнага ён там кажа! Проста нельга не апублікаваць.

Пра даваенных беларусаў: «Пачуўшы ад нас беларускую мову, яна расплакалася»

— Шмат год хаця б дзень на тыдзень я працаваў у Брытанскай бібліятэцы, якая ёсць адной з найвялікшых у свеце. Раней бібліятэка займала прыгожыя залы Брытанскага музея, але потым пераехала ў новы будынак. Тэхнічны прагрэс — рэч неабходная, але мне болей падабалася ранейшае месца, там быў своеасаблівы дух.

У славянскім аддзеле там захоўваецца і нямала беларускіх выданняў. Сярод іх і нумары «Нашай нівы» да 1914 году. Гэта сведчыць аб тым, што хутчэй за ўсё бібліятэка атрымлівала газету ў час выдання, але з пачаткам Першай сусветнай вайны карэспандэнцыя з Вільні перапынілася.

А. Аляксандр Надсан (трэці злева) сярод удзельнікаў 4-га з’езду Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, 1950 г.

Дарэчы, па прыездзе пасля вайны ў Лондан давялося пабачыць тут яшчэ тых беларусаў, якія пакінулі радзіму да Першай сусветнай вайны. Была такая сям’я Дарожак. Яны паходзілі з Заходняй Беларусі і размаўлялі на чысцюткай беларускай мове. Мужык памёр хутка пасля вайны, а ягоная жонка, пачуўшы ад нас беларускую мову, расплакалася. Потым ажно да самай смерці хадзіла да нас у царкву. А вось іхны сын, які нарадзіўся на эміграцыі, гаварыў ужо амаль толькі па-ангельску.

А вось у Чыкага я аднойчы сустрэў іншага нашчадка беларусаў. У Амерыку з Беларусі прыехалі ягоныя дзяд з бабай. Ад іх ён чуў беларускую, таму мог нават трохі гаварыць, а ва ўніверсітэце ўзяў тэму для дыплома з беларускай літаратуры. Потым ён зрабіў кар’еру журналіста ў Chicago Tribune і сабраў вялікую калекцыю беларускіх марак.

Каго яшчэ сустракаў у Брытаніі, дык гэта беларускіх жыдоў — літвакоў. Яны сябе толькі так і называлі. Аднаго разу ў 1960-х ідзем са знаёмым габрэем праз парк, а насустрач нам нясецца яшчэ адзін. Спыняецца і пытаецца нібыта сам у сябе на ідыш: «Якая цяпер гадзіна, ці паспею я ў сінагогу?» Ну, я яму і адказаў на ідыш. Пачуўшы гэта, ён выпаліў па-расейску: «Гродненская губернія, город Волковыск».

Чытайце таксама:

Пра суседзяў на эміграцыі: «Мы імкнуліся пазбягаць якіх-кольвек канфліктаў»

Пасля вайны тут дзейнічаў камітэт уцекачоў, які аб’ядноўваў беларусаў, украінцаў, расейцаў, вугорцаў, чэхаў і іншых прадстаўнікоў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. З расейцамі мы ніякіх справаў не мелі. З палякамі асабліва таксама — яны ўвесь час гаварылі пра «Крэсы Усходнія», а для нас гэта было непрымальна. Але мы імкнуліся пазбягаць якіх-кольвек міжнацыянальных канфліктаў. Гэта ўсё не мела ніякага сэнсу — проста імкнуліся рабіць сваю справу.

З украінцамі заўжды было прасцей знайсці агульную мову, хоць і яны спрачаліся за Палессе.

Дарэчы, Расею ў камітэце прадстаўляў граф Бенігсэн. Гэта быў расеец шведскага паходжання, сапраўдны арыстакрат, вельмі адукаваны чалавек. Да таго ж быў пазбаўлены расейскага шавінізму, таму мы з ім заўжды знаходзілі агульныя тэмы для размовы.

Былі і літоўцы. Яны і цяпер часам звяртаюцца да нас. Неяк патэлефанавалі з літоўскай амбасады і папрасілі на святкаванне свайго Дня незалежнасці нашу мапу Вялікага княства Літоўскага. Калі ласка, няхай глядзяць. Аднойчы да нас на экскурсію прыходзіла цэлая літоўская дэлегацыя — чалавек 50. Дык маладыя летувісы былі вельмі здзіўленыя, калі я паказаў ім арыгінал «Статута ВКЛ» на старабеларускай мове. Ім жа з пялюшак распавядаюць, што ён быў пісаны па-літоўску. Прапанаваў пачытаць. «Не, — кажуць, — мова змянілася». «А я ж, беларус, магу чытаць і разумею нават».

З іншага боку, беларусам ёсць чаму ў іх павучыцца: маленькая нацыя, а чаго дасягнула. Яны робяць сваё, а мы павінны даводзіць сваё. Як казаў айцец Германовіч: «Беларусы самі — бараны часамі».

І ва ўкраінцаў нам трэба вучыцца адданасці свайму. Неяк ехаў аўтобусам з Бярэсця ў Львоў. Да беларускай мяжы гучала толькі расейская мова. Толькі пераехалі — загучала ўкраінская. Прыедзеш на Беларусь — беларускага слова не пачуеш.

Пра родную мову: «Без беларускай мовы нас як нацыі не будзе»

Яшчэ з савецкіх часоў на Беларусі панаваў прынцып далучэння да сусветнай культуры праз расейскую мову. Але чаму праз расейскую? Убілі ў галовы, што яна адкрывае ўвесь свет. Але за апошнія 20 год многія пабачылі, што гэта не так.

Малыя народы, тыя ж датчане, могуць ведаць і ангельскую, і нямецкую, але на сваю мову не забываюцца. Яны далі свету шмат тэленавітых людзей (К’еркегор, Андэрсэн і інш.), якія стваралі на дацкай мове.

У Галандыі ўсе маюць дзве-тры мовы, у Скандынавіі — таксама. Больш за палову бельгійцаў размаўляюць па-фламадску, хаця б даўно маглі адмовіцца на карысць французскай. У знакамітым Лёвэнскім універсітэце, дзе пасля вайны вучыліся беларусы, доўгі час асноўнае выкладанне вялося па-фламандску. У апошнія дзесяцігоддзі ўжо стала болей ангельскай, бо ёсць вялікі попыт сярод замежных студэнтаў, а гэта прыносіць прыбытак. Гэта ж вельмі разумна: у нас свая мова, а калі хочаш вучыцца па-ангельску — плаці дадаткова.

Беларуская мова не лепшая і не горшая за іншыя. Але яна дадзена нам Богам, таму мусіць існаваць, пакуль жыве гэты свет. Без беларускай мовы нас як нацыі не будзе.

Івонка Сурвіла, Джым Дынглі, Лёля Міхалюк, айцец Аляксандр Надсан (злева-направа).

Пра пачатак: «Калі мы пачыналі, тут была пустэльня»

Важна разумець, калі мы пачыналі, тут была пустэльня. Пра Беларусь і беларусаў ніхто нічога не ведаў. У брытанскіх навуковых колах заўжды лічылася, што ніякай Беларусі не існуе. Ёсць Расея, якую ўсе імкнуліся вывучыць, і расейская мова. На гэтым славянскі свет для іх сканчаўся. Інтэлектуалы, якіх нам удалося прыцягнуць у беларускую справу, глядзелі на свет шырэй і не хацелі ісці ў чарадзе за статкам. Канешне, калі б у самой Беларусі ўвесь гэты час было болей зацікаўлення, плён ад нашай працы быў бы значна большы. Аднак і без гэтага на Брытанскіх выспах дагэтуль бы ўважалі, што мы ёсць такія ж расейцы.

Якой яны бачылі Беларусь: «Мы былі рэалістамі»

Мы заўжды спадзяваліся, што некалі Беларусь стане незалежнай, сапраўды беларускай краінай. Але за саветамі сітуацыя падавалася безнадзейнай. Цяпер, калі ёсць і незалежнасць, і гэтак званы прэзідэнт, усё выглядае яшчэ больш безнадзейным, чым за саветамі.

Былі людзі, пераважна са старога пакалення, якія глядзелі толькі назад і бачылі Беларусь такой, якой яна была да іх ад’езду. Неяк адзін эмігрант параіўся, што б такое сучаснае беларускае выпісаць для дзяцей. Я яму параіў часопіс «Маладосць». Потым зноў прыходзіць: «Дык там жа ўсё камуністы і камуністы!». «А што ты думаў, што там «Жыве Беларусь!» будзе і бел-чырвона-белыя сцяжкі намаляваны? Там жа СССР. Добра хоць па-беларуску, і літаратары цудоўныя друкуюцца».

Мы былі рэалістамі, бачылі радзіму такой, якой яна была насамрэч. Таму выпісвалі беларускія савецкія газеты і часопісы. Таму рабілі ўсё магчымае, каб захаваць беларускую Беларусь тут. Таму стварылі сваю бібліятэку, каб адкрываць Беларусь замежнікам. Яна стала своеасаблівым «вакном на Захад».

Пра музей і «Трэці статут ВКЛ»: «Арыгіналы на Беларусь аддаваць не хачу»

З 1971 года ў бібліятэцы і музеі імя Ф.Скарыны пабывала больш за тысячу чалавек. Сярод іх — ці не ўсе заходнія славісты, габрэйскія даследчыкі і шмат хто яшчэ.

15 траўня 1971 г. Адкрыццё Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Справа — налева: рабін Лейба Баўм, біскуп Чэслаў Сіповіч, Оберан Герберт, апостальскі нунцый Дамініка Энрычы, праф. Роберт Оці (у цэнтры), віконт Морыс Макмілан. Фота з архіву бібліятэкі.

Музей пачалі збіраць пасля вайны. Ён быў дадаткам да бібліятэкі, і адразу ўсё змяшчалася на адной паліцы ў Марыян-Хаўзе. Спачатку збіралі па эміграцыйных асяродках, потым пачалі мэтанакіравана шукаць і купляць рэчы.

Адзін з галоўных скарбаў бібліятэкі і музея — Статут ВКЛ. Гэта трэцяя, найбольш дасканалая, рэдакцыя «Статута», якая датуецца 1588 годам. Вядома, што гэты «Трэці Статут ВКЛ» выдавалі ў віленскай друкарні братоў Мамонічаў тройчы: уласна ў 1588 годзе, у 1592-1593 і 1594-1595. Наш асобнік няпоўны, у ім няма першых старонак. Аднак паводле мовы я вызначыў, што ён належыць да аднаго з перавыданняў — верагодна, 1594 года.

Калісьці гэта выданне належала вядомаму віцебскаму этнографу Аляксею Сапунову, аб чым сведчыць ягоная асабістая пячатка на старонках. Падчас вайны немцы вывезлі яго з Беларусі, а адзін беларус, рызыкуючы жыццём, яго скраў. Доўга трымаў у сябе, а калі пачуў, што ў Лондане ствараецца бібліятэка, звязаўся з намі і прапанаваў перадаць статут. У 1974 годзе я спецыяльна лятаў у Нью-Ёрк. Чалавек гэты быў вядомы ў эмігранцкіх асяродках, але мяне прасіў сваё імя нікому не адкрываць.

Дзякуй Богу, што на Беларусь вярнуўся першы асобнік «Статута ВКЛ»! Нарэшце, нашы скарбы, раскіданыя па ўсім свеце, вяртаюцца дамоў. Туды, дзе ім трэба знаходзіцца. Аднак арыгіналы нашага збору на Беларусь аддаваць не хачу, пакуль там Лукашэнка. Таму зрабіў якасныя фатакопіі рукапісаў Коласа і Купалы ды перадаў іх у музеі.

«Дзякуючы гэтаму ўдалося захаваць Марыян-Хаўз для беларусаў»

Праз шмат год пасля смерці біскупа Чэслава Сіповіча Кангрэгацыя Усходніх цэркваў, якой Ордэн Айцоў Марыянаў перадаў Марыян-Хаўз (Marian House — сядзіба Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра імя Святога Кірылы Тураўскага на поўначы Лондана. — Аўт.), намагалася атрымаць ад мяне згоду на продаж будынка. Дом быў пабудаваны на беларускія грошы, якія збіралі ўсёй грамадой, для беларусаў. Мяне нават выклікалі ў Рым, аплацілі дарогу. Я сказаў, што трэба пачытаць і падумаць, ды вярнуўся назад. Праз пэўны час яны зноўку тэлефанавалі, а я адмовіўся падпісваць дакументы. Дзякуючы гэтаму ўдалося захаваць Марыян-Хаўз для беларусаў. Усё гэта было мала прыемна, але часам трэба вось так стаяць на сваім.  

Візіты на Холдэн-Роўд: «У нас перабывала ці не палова Беларусі»

У нашым цэнтры на поўначы Лондана за апошнія 30 год перабывала ці не палова Беларусі. У тым ліку, і за савецкім часам. І ўсе размаўлялі па-беларуску.

У 1982 годзе да мяне звярнуліся з British Council параіцца адносна візіту Адама Мальдзіса, які меўся прыехаць працаваць у бібліятэцы Брытанскага музея. Я прапанаваў ім не марнаваць лішнія грошы і пасяліць яго ў нас. Карацей, Мальдзіс ехаў у Лондан, не здагадваючыся, што будзе жыць у нас. Ды ніхто ў Менску не ведаў, іначай бы не пусцілі ў самае “гняздо нацыяналістаў”.

Урэшце, ён прабавіў у нас два месяцы. Антон Адамовіч (Эміграцыйны літаратурны крытык. — Аўт.) як даведаўся, што Мальдзіс у Лондане, спецыяльна прыляцеў да нас з Нью-Ёрка. Цікава, што якраз у гэты час памёр Брэжнеў. Дык Мальдзіс тэлефанаваў у савецкую амбасаду — вельмі хацеў прыехаць на пахаванне. Але яму сказалі, што не трэба.      

У 1985-м да нас завітаў Васіль Быкаў. Яго накіравалі ў Лондан на нейкую канферэнцыю з палітычным ухілам. Дык ён збег адтуль і з ангельцам прыехаў да нас. Потым распавядаў, што на канферэнцыі поўная нуда ды яшчэ па-ангельску. Агледзеў наш збор. Вельмі прыемна правялі дзень. Калі я бываў у Менску, заўсёды да яго заязджаў, прывозіў лекі ад астмы. Гэта быў вельмі цікавы чалавек. Сам з Віцебшчыны, больш за 10 год служыў у савецкай арміі, перажыў русіфікацыю, але застаўся беларусам! Ён распавядаў мне, што не давяраў расейскім перакладчыкам, таму ўсе свае творы перакладаў сам. Поўная павага да яго.

З рукапісам Купалавага «Кургана». 

Ніл Гілевіч быў у нас у гасцях. Гэта другі, які, нягледзячы на час і абставіны, не мог не быць беларусам... З Генадзем Бураўкіным я пазнаёміўся ў Нью-Ёрку, калі ён быў прадстаўніком Беларусі ў ААН. Потым быў у нас у Лондане. Па-сяброўску выпівалі… 

А з Алесем Адамовічам я пазнаёміўся на форуме славістаў у Харватыі (тады Югаславія) у 1978-м. Вось ён нічога не баяўся, і ў партыі ніколі не быў! Потым сустракаліся ўжо на пачатку 1990-х у Менску. Такі адукаваны і прыемны чалавек быў.

Памятаю, як у 1990 годзе да нас прыехаў загадчык кафедры беларускай мовы Гомельскага ўніверсітэта Уладзімір Анічэнка. Ён даследаваў мову Скарыны — і мы запрасілі яго папрацаваць у нашай бібліятэцы. Гэта быў добры чалавек, беларускамоўны, але вельмі савецкі. Ён проста не мог сабе ўявіць, што можа быць іншы спосаб жыцця. Неяк мы сядзелі, гутарылі, ён крышку выпіў і прызнаўся: «А я ж гэтага ўсяго не ведаў!» Сам з сялянскага хлапца стаў прафесарам беларускай мовы, не абрасейшчыўся. Такое шанаваць трэба.

Некалькі разоў у нас бываў Зянон Пазьняк. Ён вельмі прынцыповы, што добра, цудоўны аналітык і нічога не рабіў для праслаўлення сябе. Але трэба быць больш талерантным да людзей. З ім вельмі няпроста супрацоўнічаць. Таму з Міхасём Ткачовым яны і разышліся. Дакладней, Ткачоў не мог з ім пасварыцца, а проста адыйшоў убок і стварыў сваю «Грамаду». Міхась, дарэчы, пабываў у нас яшчэ на пачатку 1980-х. Вельмі прыемны, мажны чалавек — такі добры мядзведзь і заядлы беларус на 100%, з тонкім пачуццём гумару. Буйны вучоны. У адзін з прыездаў у Менск адведваў яго ў шпіталі, а потым быў на ягоным пахаванні. Гэта вялікая страта для Беларусі...

Cа Станіславам Шушкевічам мы мелі вельмі цікавыя гутаркі. Я матэматык, ён фізік — адразу паразумеліся.

Першым беларускім амбасадарам у Лондане за Лукашэнкам быў Уладзімір Шчасны. Дужа разумны і адукаваны чалавек. Па прыездзе ён мусіў уручыць даверчыя граматы каралеве. Мы атрымалі запрашэнне на ўрачыстую цырымонію ў адзін з гатэляў і, скарыстаўшы з пропускаў, зладзілі ля ўваходу пікет супраць новых уладаў у Беларусі. У 1996-м, на другі дзень пасля ганебнага рэферэндуму, я прыйшоў да Шчаснага і заявіў: «Нічога асабістага, але з гэтага моманту мы спыняем усякія адносіны з вамі».

Казулін быў у нас ужо ў статусе апазіцыянера. Спрабаваў гаварыць па-беларуску, але хутка перайшоў на расейскую. А потым, пакінуўшы запіс у кнізе водгукаў, нарабіў па некалькі памылак у кожным слове. Але мы тут не абавязаныя ведаць расейскую. Мы не вывучалі ў савецкіх школах расейскую мову. Тут Англія, размаўляйце па-беларуску ці па-ангельску... Я тады распавёў яму прыпавесць. Як ва ўсходніх народаў выбіралі галоўнага. Спачатку мераліся ростам, потым — хто старэйшы. Калі гэта не дапамагала — у каго барада даўжэй. Сказаў, што барады — то бок, беларускай мовы — яму і нестае.

У 1998-м, падчас інвестыцыйнага форуму ў Лондане да нас звярнуліся людзі Мясніковіча. Тагачасны старшыня Акадэміі навук прыязджаў на Холдэн-Роўд. Гаварыў са мной выключна па-беларуску. А як інакш? Мы ж землякі: ягоная вёска ў 10 км ад маёй Гародзеі, там толькі па-беларуску і гаварылі. Потым, калі я ўжо быў у Менску, ён запрасіў выступіць у Акадэміі навук, але было сумна, нецікава.

Калі сюды ўцякла з Беларусі Віннікава (Тамара Віннікава — старшыня Савета Нацбанка Беларусі ў 1996-97 гг., арыштаваная па абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. — Аўт.), мне прапанавалі сустрэцца з ёй. Адмовіўся: гэта не нашы людзі, і яна мне не цікавая.

Аднойчы прыехала дэлегацыя дэпутацкай групы «Рэспубліка»: Парфяновіч, Скрабец, а трэцім меў быць Фралоў. Аднак заміж яго прыехаў начальнік КГБ Берасцейскай вобласці. Ён, дарэчы, адзін з трох спрабаваў гаварыць па-беларуску, але беспаспяхова. Мікалай Пачкаеў ад імя Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі прачытаў лекцыю, у якой заявіў, што яны не прызнаюць ўлады Беларусі і «палатку», а сапраўдным урадам ёсць Рада БНР. Па выступе кэдэбэшнік звярнуўся да кіраўніка ЗБВБ Лёлі Міхалюк: «Якая добрая прамова! Яшчэ б яе тэкст нам, каб лепей учытацца ў змест».

Візіты ў Беларусь: «Столькі хворых дзетак бачыў»

— Упершыню пасля паўвекавой адсутнасці я прыехаў у Беларусь у 1990 годзе — яшчэ за Савецкім Саюзам. Мог зрабіць гэта і раней, але трэба было ляцець праз Маскву, а нашто мне тая Расея?

Дабіраўся цягніком. Вёз з сабой два вялікія пакункі лекаў (вітаміны, аднаразовыя шпрыцы) — тое, што было патрэбна хворым чарнобыльскім дзеткам. Правадніца, пабачыўшы мой святарскі строй, сказала: «Памаліцеся за нас, святы айцец». Даў ім дваццатку, дык яны так схавалі лекі, што ніхто іх да самага Менска не бачыў. А вось рэлігійныя кнігі нават не хаваў. У Брэсце мытнік толькі паглядзеў перакладзеную мной з нямецкай «Біблію для дзяцей» і сказаў: «Усё ў парадку».

... Выходжу на менскі перон — а там некалькі соцень чалавек сустракае мяне з бел-чырвона-белымі сцягамі. Я быў уражаны. Пасадзілі ў машыну, высунулі з вакна сцяг і павезлі праз цэнтр горада ў гатэль «Планета». Тамтэйшыя дзяўчаты ажно спужаліся: «Ой, можа не трэба тут гэтага?»

Лекі і грошы збіралі ў Брытаніі ўсім светам: дапамагалі і беларускія эмігранты, і брытанцы. Я двойчы выступаў на «Бі-бі-сі», распавядаў пра чарнобыльскую бяду Беларусі і неабходнасць дапамогі.

А. Аляксандр Надсан у Хойніках, пачатак 1990-х.

Другі раз прыехаў ужо з двума іншымі брытанскімі беларусамі 26 ліпеня 1990-га — наконадні абвяшчэння Вярхоўным Саветам суверэнітэту БССР. 27-га, набыўшы «Звязду», падыходжу да міліцыянта ў фае гатэля «Беларусь». «Цяпер вы не савецкі паліцыянт, а беларускі!». «Няўжо? – здзівіўся хлопец і дадаў: А мне няма розніцы, каму служыць, абы плацілі».

Калі праз год, 25 жніўня 1991 года дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце набыла сілу канстытуцыйнага акту, і Беларусь стала незалежнай, мы павесілі на дзвярох нашай лонданскай сядзібы бел-чырвона-белы сцяг. Месцічы сталі падыходзіць і пытацца, што гэта за сцяг і на знак чаго. «У гонар маёй радзімы, якая стала незалежнай!».

Да вайны я жыў ў Заходняй Беларусі. Пад акупацыяй быў у асноўным у Менску. З гуманітарнай дапамогай аб’ездзіў усю Беларусь. Да 1995-га, калі Лукашэнка ўскладніў працэдуру ажыццяўлення гуманітарнай дапамогі, зрабіў, мусіць, 15 рэйдаў. Столькі хворых дзетак бачыў у Гомелі, Магілёве, Хойніках…

Таксама сустрэў шмат цікавых людзей. Тагачасны міністр замежных спраў Краўчанка, з якім мы былі ў добрых адносінах, папрасіў наведаць і яго родны Маладзечна. Запомнілася, якія смачныя дранікі гатавала ягоная маці. Аднак як толькі Лукашэнка паслаў яго амбасадарам ў Японію, я спыніў з ім ўсе кантакты.

Раз на Гарадзеншчыне мытнік адказаў па-беларуску — мы пасябравалі. Потым ён прыязджаў на маю службу ў Менск ды яшчэ двух калег прывёз. Іншы раз я вёз з Менска машыну кніг — ён прапусціў. Праўда, не ўсе былі такія. Раз у менскім аэрапорце не дазволілі вывезці газету «Беларусь» 1919 года. Перадаў людзям — вывезлі іншым шляхам.

Чарнобыльскія дзеці на адпачынку ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры ў Лондане, пачатак 1990-х.

Другі раз у Горадні адміністратар у гатэлі выпінаецца гаварыць са мной па-польску. «Кім вы сябе лічыце?» — пытаюся ў яго. «Нам кажуць, што мы беларусы. — Дык і гавары са мной, як з жонкай».

Пра калье княгіні Радзівіл: «Людзі навокал былі дробныя, згнаілі ідэю»

Дэтэктыўная гісторыя з дыяментавым калье, якое княгіня Магдалена Радзівіл ахвяравала на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме, найлепшым чынам характарызуе, што найбольшымі ворагамі для беларусаў былі самі беларусы (Айцец Аляксандр напісаў дакументальную кнігу «Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі». Аўт.). Мы пра гэта часта забываемся, але добра памятаем, што кепскага нам зрабілі іншыя.

Гэта была буйная асоба для нашай гісторыі. Паходзіла з Бягомельшчыны, выхоўвалася ў Варашаве і ўсё ж стала моцнай беларускай патрыёткай. Яна дакладна разумела сутнасць справаў і бачыла, што важна наперад. Таму і хацела стварыць беларускую калегію ў Рыме, каб беларусы маглі вучыцца без рызыкі, што расейцы, палякі ці ўкраінцы перацягнуць іх да сябе. Але людзі навокал былі недальнабачныя, дробныя, згнаілі ідэю. Гэтая гісторыя паказвае, што беларусы не ўмеюць шанаваць. Ды яшчэ і абдураць. Не магу сказаць, што мне было прыемна ўсё гэта пісаць. Але праўду сказаць я мусіў. Пагатоў асабістае ліставанне княгіні захоўваецца ў нашай бібліятэцы.

— Такіх свядомых, шчодрых і дальнабачных беларускіх арыстакратаў былі адзінкі ў нашай гісторыі?

— Малавата. Нашы адраджэнцы-незалежнікі замоцна цягнулі наперад сацыялістаў. А трэба было ўсіх цягнуць: і пана, і селяніна, і рабочага. Той жа Раман Скірмунт мог быць зусім беларусам, хоць і не пачуваўся такім. Дарэчы, Скірмунт і Радзівіл былі прыяцелямі.

Пра эвалюцыю царквы: «Праблема з Ватыканам палягала ў іх няведанні»

Каталіцкая царква, крыху адышоўшы ад Польшчы, таксама шмат беларускага цяпер робіць. Дзякуй Богу за гэта. Не заўсёды і не аднолькава, але з праваслаўнай няма параўнання. Шкада, бо большасць праваслаўныя.

Вельмі важна, што ад пачатку паставілі прынцып — быць беларускай. Вялікая заслуга ў гэтым нябожчыка Казіміра Свёнтка. Паляк з паходжання, ён казаў, што на Беларусі трэба гаварыць па-беларуску. Цяперашні кіраўнік Кандрусевіч — беларускамоўны — па-свойму працягвае ягоную справу. Польскія ўплывы меншаюць, расейскае там не прымаюць. Маладыя святары — беларускамоўныя.

— Калі на ўзроўні Ватыкану змянілася палітыка што да Беларусі?

— Найбольш яна мянялася пры Яну Паўлу ІІ. Ён разумеў, што ёсць беларускі народ са сваёй мовай. Гэты прынцып існаваў у Касцёле ад пачатку, але раней пра нашы справы ў Ватыкане ніхто не ведаў. Гэтак, у мяне ніколі не было цяжкасцяў — заўжды прымалі там як беларуса. І айца Чэслава Сіповіча зрабілі біскупам для беларусаў на эміграцыі.

Царква не павінна займацца палітыкай, яна прызнае ўсе народы і іх правы. Хрыстос для ўсіх. Натуральна, што заўжды ёсць людзі, якія імкнуцца выкарыстоўваць царкву ва ўласных мэтах. Гэтак палякі атаясамлівалі Касцёл з польскасцю і праз рэлігію пааланізавалі беларускае насельніцтва.

Царква ўніверсальная, для ўсіх павінна быць у ёй месца. У асноўным так і ідзе. Безумоўна, ёсць адхіленні, памылкі, бо мы ўсе — людзі. У гэтым сэнсе мне падаецца, што царква адзіная сусветная ўстанова, якая прызнае ўсіх.

А. Аляксандр Надсан (злева) і біскуп Чэслаў Сіповіч (другі злева). 1950-я.

Першае, што пасля вайны выйшла па-беларуску ў замежжы, быў малітоўнік айца Льва Гарошкі «Божым шляхам», выдадзены ў Рыме. Грошы на гэта дала Каталіцкая царва. Яна ж першая накіравала беларускія місіі ў розныя краіны рассялення беларусаў, якія ў цяжкіх абставінах рабілі, што магчыма, каб было болей свядомых беларусаў. З лонданскай місіі айца Чэслава Сіповіча пачалася гісторыя нашага Беларускага рэлігійнага і культургана цэнтра ў Паўночным Фінчлі.

Неяк Папа Пій XII, цікавы і моцны чалавек, які выступіў супраць нацыстаў, напісаў ліст «да народаў Расеі». Якое было ўзбурэнне! Як украінцы падняліся! Айцец Сіповіч, які тады яшчэ не быў біскупам, і айцец Гарошка напісалі моцныя абуральныя лісты у Ватыкан. І Папа мусіў выбачацца, казаць, што не ведаў. Ён зрабіў памылку не ў справе веры, а па неразуменні. Нейкі русафіл яму падсунуў пра Расею — ён падпісаў. Гэта не ёсць справа дагматычная, справа веры, але ў палітыцы, у адносінах памылкі робяцца.

Раз пры канцы Савецкага Саюзу мне давялося быць у Парыжы. Пішуць: прыязджай, бо сюды прыбыў беларускі праваслаўны біскуп — Філарэт. Было прыняцце ў саборы Нотр-Дам, у доме парыжскага кардынала. І гэты кардынал увесь час казаў пра «святую Русь». Ён скончыў прамову — усе пачалі пляскаць, а я дэманстратыўна заклаў рукі за спіну. Да мяне падыходзіць генеральны вікар, француз, і пытаецца: «А чаго ж ты не пляскаў?» «А я не магу пляскаць. — Ты мне напішы потым, у чым справа». Вярнуўся ў Лондан і напісаў яму доўгі ліст, у якім патлумачыў, што Беларусь да Расеі не мае дачынення. Потым, калі зноў быў у яго у Парыжы, ён мне падзякаваў за тлумачэнне, але сказаў «Ты трошкі замоцна напісаў».

Падыходжу да Філарэта: «Ці разумееце вы па-беларуску? — Да-да, разумею. — На якой мове вы размаўляеце з вашымі вернікамі? — Что, что, что? — Дык вы ж сказалі, што разумееце».  

Гэтак прыходзілася паўсюль прабіваць дарогу беларускасці. У Парыжы, дарэчы, я заўсёды знаходзіў паразуменне.

— Вы сказалі, што ў вашых адносінах з каталіцкай ярархіяй не было праблемаў па нацыянальным пытанні. Ці сапраўды?

— З ярархіяй — ніколі. Калі захацеў быць святаром, усе беларусы на той момант вучыліся ў Папскай калегіі Русікум (Навучальная ўстанова, што рыхтавала грэка-каталіцкіх святароў, створаная ў Рыме для студэнтаў з абшараў СССР. — Аўт.). Я ж напісаў зварот, каб вучыцца ў Папскай Грэцкай калегіі, бо не зважаў Русікум за сваё. І мяне без аніякіх клопатаў туды прынялі.

Русікум быў створаны для ўсіх «рускіх», як яны гэта разумелі — расейцаў, беларусаў. З украінцамі трошкі іншая гісторыя, бо ў іх было 4 мільёны украінцаў з Галічыны, і гэта многім не падабалася. У царкве ёсць розныя людзі. І тады, і цяпер хапае русафілаў з думкай пра «святую Русь». Але ж Царква павінна быць аднолькавай для ўсіх. Не яе справа праводзіць польскую, расейскую ці кітайскую палітыку, але весці людзей да Бога і даць кожнаму магчымасць.

У Русікуме самыя русафілы — нават большыя за рускіх — былі немцы. Калі я пайшоў у Грэцкую калегію, у Рыме ўзняўся скандал. Чаму ён, беларус, не пайшоў у Русікум. А я нічога супольнага з імі не меў. Грэцкая калегія паўстала ў 1570 годзе, і нашы ўніяцкія святары — мітрапаліты Руцкі, Корсак, Календа — там вучыліся больш за два стагоддзі, аж пакуль Унія не была ліквідаваная. Я напісаў тлумачэнне, падаўшы спіс беларускіх студэнтаў з канца 16 стагоддзя і даводзячы нашу традыцыю. У Грэцкай калегіі сярод партрэтаў слаўных вучнях — грэкаў, албанцаў і іншых — ёсць і выявы Руцкага, Корсака.

Пайшоўшы туды, я аднавіў традыцыю. А праз паўстагоддзя пасля мяне там вучыўся ўжо айцец Сяргей Стасевіч (пераемнік Надсана ў лондскай місіі. — Аўт.).

Праблема з Ватыканам палягала ў іх няведанні. Магчыма, і наша віна ў тым, што мала гаварылі і тлумачылі. Але з другога боку, нас былі адзінкі. Па-маленьку мы праламалі гэтую сцяну няведання. Нябожчыкі біскуп Сіповіч і Гарошка зрабілі вельмі шмат, каб Ватыкан усведаміў, што ёсць расейцы, а ёсць беларусы.

Справа Царквы не будаваць Вялікую Расею, а кіраваць народ да Бога. Прыкладам такога стаўлення быў віленскі біскуп Юры Матулевіч. Летувіс з паходжання, ён быў аднолькавым для ўсіх вернікаў. Доўга служыў у Варшаве, а пасля пераезду ў Вільню змагаўся з палянізацыяй касцёла. Палякі казалі, што ён святы як святар, але літоўскі нацыяналіст. Ён быў адзіны сярод шавіністычнага польскага духавенства, хто шмат рабіў для беларусаў, падтрымліваў пашырэнне беларускай мовы ў касцёле.

Такім самым роўным да ўсіх вернікаў быў і наш айцец Язэп Германовіч. Спакойны, глыбока пабожны, з пачуццём гумару. Вучыўся са Сваяком і Стэповічам у Вільні — і ўсе сталі выдатнымі святарамі, літаратарамі і моцнымі беларусамі. Перад вайной — у Ватыкана была дурная палітыка наварочваць у каталіцтва расейцаў — яго накіравалі з місіяй у Манчжурыыю. Прайшоў сталінскі канцлагер. Сюды прыехаў, калі яму было ўжо за 70 год. Палякі-марыяне запрашалі яго да сябе. Ён з ім не сварыўся, але застаўся з намі.

Мы ўсе людзі, без палітыкі немагчыма. Але мусім не зневажаць нікога, не абражаць, але свайго трымацца. Сіповіч, Гарошка, Германовіч, Падзява, Журня (Усе — святары беларускай місіі ў Лондане. — Аўт.), я — мы гэта вытрымалі, паказаўшы, хто мы ёсць. Мы не маем нічога супраць расейцаў і цешымся, калі ў іх нешта атрымліваецца. Але праблема ў тым, што расейцы не хочуць нас разумець, чаму мы не хочам быць расейцамі. Але гэта не справа хацення ці нехацення. Я не ёсць расейцам, і ўсё на гэтым! Гэта тое самае, што запытацца ў чорнага, чаму ён не белы. Ён такім нарадзіўся!

— Гэтаксама, калі ты любіш Расею — ты патрыёт, калі Беларусь ці Украіну — ты «нацыяналіст», «фашыст» і «бандэравец»...

­— Так, калі хочаш сваё, ты пракляты нацыяналіст. Хай будзе нацыяналіст.

Пра украінскую рэвалюцыю: «У Беларусі сітуацыя нашмат больш складаная»

— Айцец, на вашу думку, ці тое, што адбылося ва Украіне, здолее наблізіць нашых паўднёвых суседзяў да Еўропы і адвесці ад Расіі?

— Я не прарок, мне цяжка сказаць. Спадзяюся, што ўсё-ткі яны будуць незалежнымі — вялікая дзяржава, амаль 50 млн. Я ведаю Заходнюю Украіну — Галічыну, а ва Усходяй яны пахнуць зусім іншым духам. Думаю, што ўсё ж з цяжкасцю, але яны выжывуць. Бо ў іх ідэя незалежнасці ў большай частцы краіны (паўтаруся, я не ведаю настрояў Данбасу) моцная. Думаю, і на Усходзе, дзе пераважаюць расейскамоўныя і прарасейскія людзі, шмат патрыётаў Украіны.

Памятаю, ехаў раз у Парыж разам з вялікай групай турыстаў з Усходняй Украіны. Прыслухаўся — размаўляюць па-расейску... Яны маюць свае цяжкасці, але гэтыя праблемы зусім іншага кшталту, як у нас.

Украінскі нацыянальны рух вельмі моцны. Гэты не адзінкі, а мільёны. Думаю, што расейцы сваімі дзеяннямі расплюшчылі вочы многім нявызначаным ва Украіне. Для многіх гэта стала момантам ісціны, нагодай, каб задумацца, хто яны і дзе жывуць.

У Беларусі сітуацыя нашмат больш складаная.

А. Аляксандр Надсан падчас адной з «чарнобыльскіх» паездак у Беларусь у 1990-я.

— Ці могуць падзеі ва Украіне паслужыць каталізатарам для ператварэнняў у Беларусі?

— Мы б гэтага жадалі і спадзяемся, але не ведаем, як будзе. Бываючы ў Беларусі, заўважыў адну рэч. Здаецца, ты ў беларускім асяроддзі, усё прыгожа: і мова, і незалежнасць. Але выйдзі на вуліцы — усё зусім інакш. Гэта сумна. але так яно ёсць.

На самым пачатку незалежнасці, за часоў Шушкевіча, калі я прыязджаў на Беларусь з лекамі для хворых чарнобыльскіх дзетак, была быццам афіцыйная беларусізацыя. Заходжу ў гасцініцу, пачынаю запаўняць рэгістрацыйную форму. «По-русскі нужно!» — залямантавала жанчына. Тады я проста здрыгануўся. Раніцай выходжу на панадворак —моладзь практыкуе страявыя практыкаванні. Беларускага слова я там не пачуў. Гэта ў час так званай беларусізацыі. Што цяпер робіцца — жахліва.

Памятаю, адразу пасля рэферэндуму па змене дзяржаўнай мовы і сімвалаў я быў у Менску. Сядзелі з Мальдзісам у парку. Падыходзіць п’яны маладзец і са злосцю да нас: «По-русскі нужно говоріть!» Мы не звярнулі ўвагі і адышлі далей. Мяне гэта моцна здрыганула. Падумалася тады: калі цяпер так, што будзе далей...

Але гэта ад саміх беларусаў залежыць. Я чалавек веруючы і спадзяюся, што некалі будзе справядлівасць на зямлі. Але цяжкасці вялікія. Для аптымізму ёсць мала прычынаў.

— Што прагрэсіўныя людзі ў Беларусі мусяць рабіць для пераменаў, калі магчымасцяў для палітычнай дзейнасці няма, як няма і мільённай падтрымкі насельніцтва?

— Перадусім трэба, каб кожны быў беларусам. Дзе б ні быў, у якіх бы абставінах не знаходзіўся. Напрыклад, у публічным месцы ужываць беларускую мову. Здаецца, малая рэч, але колькі чалавек так робіць?

— Мала.

— Многія нават у кампаніі па-беларуску, а выходзяць на вуліцу — і па-расейску, каб не адрознівацца да іншых. Людзі альбо не хочуць паказвацца, каб не было прыкрасцяў, альбо баяцца. Размаўляюць па-расейску, каб усё было спакойна. Але як спакойная вада, дык пачынае загніваць. А тады іншыя карыстаюцца з таго. Мець пачуццё ўласнай годнасці, не быць агрэсіўным, але свайго не здаваць. Нават у цяперашняй паршывай канстытуцыі ёсць дзве мовы. То бок, ты маеш поўнае права размаўляць па-беларуску. Людзі на гэта не звяртаюць увагі.

Толькі адзінкі вельмі паслядоўныя. Мяне ўражвае выдавецтва «Беларускі кнігазбор», якое выдала ўжо больш за 60 тамоў выбранага беларускай літаратуры. А я помню, як яшчэ ў 1992 ці 1993 годзе яны дзяліліся сваімі планамі. Вось тады ўзялія і дагэтуль робяць. Усё вельмі прафесійна, навукова. Малайцы!

Вельмі шаную дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзіміра Коласа, які цягне ў такіх варожых умовах сваю справу. Не трэба шумець, але паціху рабіць сваю справу. Для мяне гэта прыклад. Такі ж прыклад — дзяўчаты з «Бацькаўшчыны» (Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская. — Аўт.). Робяць сваё, умеюць людзей прыцягнуць. Цяжкасці маюць, але кангрэсы ЗБС «Бацькаўшчына» — найбольшыя беларускія мерапрыемствы. Столькі людзей прыязджае, усе беларускамоўныя. Поўная пашана ім. Каб такіх болей было, дай Божа.

Пра волатаў духу: «Гэта адзінкі, але дзякуючы ім беларускасць не прападзе»

— Лукашэнка 20 год ва ўладзе. Калі заўтра геапалітычная сітуацыя зменіцца і ён падтрымае мову і культуру, ці ваша стаўленне да яго зменіцца?

— Па-першае, не думаю, што гэта адбудзецца. Лукашэнка лічыць, што беларуская мова — нешта непаўнавартаснае, другараднае. Але сам дык і па-расейску не навучыўся гаварыць.

Я шкадую яго як чалавека. Тое, што ён робіць... Іншага не ведае. Але ж у адзін дзень ён памрэ і будзе адказваць перад Богам. Я жадаю, каб ён гэта зразумеў. Па-людску кажучы, я не бачу, што нешта можа кардынальна змяніцца ў яго палітыцы. Канешне, бываюць цуды Боскія...

Былі такія страшныя фігуры ў гісторы. Гітлер да самага канца думаў, што меў слушнасць. Колькі зла нарабіў. Сталін, Мусаліні… Яны ад канца былі перакананыя, зацвярдзелыя ў сваіх перакананнях. Лічылі, што тыя, хто з імі не згаджаецца, ворагі. Гэта іхняя асабістая людская трагедыя. Але бяда ў тым, што шмат людзей праз іх церпелі і церпяць.

Лукашэнка cупраць тых дыктатараў паршывенькі, маленькі, але гэта не значыць, што ён добры. Часамі злосны малы сабака таксама можа цябе балюча ўкусіць. І брахаць будзе. Гэта ён умее. Смех смехам, але так яно ёсць. Гэта трагедыя.    

Не разумею людзей, якія гэта разумеюць, паціху сабе ўпотай смяюцца з яго, але працягваюць прыслужваць. Мясніковіч — інтэлігентная бестыя, халера, але чалавек беспрынцыповы, слізкі. А вазьмі Шчаснага. Інтэлігентны чалавек, спакойны, прыемны ў абыходжанні, але таксама пайшоў на службу. Крыху такія бесхрыбетныя. Калі была б беларуская Беларусь, яны б добра ў яе ўпісаліся, былі б карысныя.

Прынцыповых людзей мала. Вазьмі Радзіма Гарэцкага. Ён пару разоў тут быў у нас, я быў у яго ў Менску. Мы такія добрыя сябры. Нават тое, што доўга жыў у Маскве, не перамяніла яго. Сваім прыкладам Радзім паказаў тым, каму «по-русскі проще», што гэта лухта. Уся сям’я Гарэцкіх — магутны беларускі род.

— Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч... — людзі, якія не паступіліся ўласнымі прынцыпамі нават перад небяспекай турэмнага зняволення, не прызналі ўласнай віны, не папрасілі памілвання. Ці гэта важна, каб такія асобы, якія свядома ідуць на пакуты, былі?

— Хрыстос свядома пайшоў на пакуты, прынёс сябе ў ахвяру. Яны ведаюць рызыку, але сумленне не дазваляе ім не рабіць гэтага. Яны ўсведамляюць, што можа з імі стацца і што са многімі сталася. Але яны засталіся сабой, гэта іх не зламала. Думаю, як бы я захоўваўся на іх месцы? Добра, каб Бог даў мне сілы, каб так захавацца, як яны. А можа гэтай сілы не хопіць? Часамі, калі ў цяжкіх абставінах нехта зламаўся, такіх людзей цяжка судзіць. Але тыя, хто не зламаўся — наш прыклад і героі. Я вельмі іх шаную.

— Якое значэнне падобных учынкаў у гістарычнай перспектыве?

— Падумай пра Каліноўскага. Можа, дзякуючы такім людзям паўстала Беларусь. А колькі ёсць тых, што мала гавораць, не выстаўляюць сябе, але ціха робяць сваю справу. Скажам, беларукія настаўнікі, якія выкладаюць па-беларуску цяпер. Мы не ведаем іх прозвішчаў, але яны робяць велізарную справу — кідаюць беларускае зерне ў душы дзетак. Для мяне яны таксама героі. Каб не было такіх людзей, тады быў бы канец нацыі. Сустракаў такіх, калі ездзіў па беларускіх вёсках у 1990-я. Дзякуй Богу, што яны ёсць. То жа Севярынец. Але ж бацькі яго ўзгадавалі, ён на іх падобны. Значыць, кола пашыраецца.

Памятаю, падчас адной з паездак па Беларусі быў у сям’і. Хлопец — калека, не мог гаварыць, сяброў у яго не было. Але які беларус заядлы! І такія людзі ёсць. У Хойніках да мяне неяк падыходзіць лекар ды звяртаецца па-беларуску. Я здзівіўся, бо большасць дактароў размаўляла па-расейску. «Як жа ж мне па-беларуску не гаварыць? Я ж беларус». А кожны такі настаўнік, доктар мае вучняў, пацыентаў. Гэта перадаецца.

Між іншым, як я быў у Хойніках, іншай мовы за беларускую там не чуў. І прыгожая, сапраўды беларуская, не палеская.

Айцец Уладзіслаў Чарняўскі пры Саветах стаяў да канца і не здаўся. З аднаго боку — расейшчына, з іншага — пальшчызна. За тое, што служыў толькі па-беларуску, яго называлі і шавіністам, і нацыяналістам. А ён маленькі такі быў, слабенькі, сціпленькі, але які вялікі духам! Яшчэ ў савецкі час аднаго разу прыязджаў у Лондан на канферэнцыю, месяц жыў у мяне. Мы пасябравалі.

Ксяндзы з усіх бакоў яго лаялі, але парафія яго абажала — касцёл быў заўсёды поўны.

Ён калісьці служыў у літоўскай парафіі ў Вільні — ведаў літоўскую мову. Калі трэба было, у Польшчы гаварыў па-польску. Але ў Беларусі толькі па-беларуску. Ён адзін быў такі на ўсю Беларусь. Ні з кім не сварыўся, рабіў сваё. Прыносіў да людзей слова Божае на іх мове. Пераклаў Святое Пісьмо на беларускую мову, седзячы ў сваёй старэнькай хатцы. А побач з ім заўжды быў вялікі прыгожы сабака. Раз паехалі мы да Чарняўскага з Барысам Сачанкам, дык сабака яму штаны парваў. Пасля смяяліся: пазнаў камуніста.

Жарты жартамі, але Сачанка быў моцны беларус, якіх рэдка спаткаеш. Родам з-пад Хойнікаў, ён першы ў Савецкай Беларусі пачаў пісаць пра беларускую эміграцыю. Калі стаў галоўным рэдактарам «Беларускай энцыклапедыі» (1993-95. — Аўт.), сказаў, што на расейскай мове там нічога не выйдзе. Але, на жаль, хутка памёр. Вялікі бібліяфіл: у ягонай бібліятэцы можна было знайсці ці не ўсё беларускае, што некалі выдавалася.

Што будзе з Беларуссю?

Нягледзячы на лукашэнкаўскія часы, сёе-тое робіцца. Па-першае, усё пракантраляваць ён не можа, хоць і думае, што кантралюе. Па-другое, ён цёмны чалавек, абмежаваны. «Сціхі Быкава» — гэта ягоны ўзровень. Калі нешта адбываецца, ён злуецца, што не пракантраляваў, пачынаюцца арышты, давіць людзей за нішто. Гэта тып савецкага кіраўніка вельмі нізкага гатунку. Ментальна ён застаўся на тым самым узроўні, вышэй не пайшоў.

Шкада, што беларусы аказаліся не прыгатаваныя да дэмакратыі. Хоць іншыя краіны таксама маюць праблемы. Украіна мае цяжкасці, а пра Расею няма чаго казаць. Адны Балтыйскія краіны ў лепшым становішчы, але яны і найкарацей ў СССР былі. Там яшчэ было пакаленне, якое ведала іншае, несавецкае жыццё ў незалежнай дзяржаве. У той жа Вільні за саветамі расейскай мовы асабліва не было чуваць. Наш Арнольд Макмілін паехаў неяк туды, выйшаў з цягніка на таксі. Сказаў да шофера па-расейску, а той стаіць і не едзе. 

Дык Макмілін тады яму і кажа: «Прабач, я ж ангелец, не ведаю літоўскай мовы». Тады паехаў.

Памятаю аднаго беларускамоўнага шофера ў Менску. Едзем, нас спыняе нейкі міліцыянт-свавольнік. Дык ён так абурыўся, першакласна аблаяў яго па-беларуску: «Ах, ты сволач такая! Учора лапці насіў, а сёння ўжо вялікі начальнік!». Я даў яму добры барыш за гэта.

Пабачым, што будзе ў Беларусі, ці зменіцца нешта ў бліжэйшым часе. Прагназаваць цяжка. Галоўнае, што ў школе ўзгадоўваюць расейскамоўных людзей. Што будзе з гэтым пакаленнем, колькі з іх стануць беларусамі? Такой русіфікацыі не было ў Савецкім Саюзе. Рабілі на «паказуху», але рабілі ж. Нам за савецкім часам было прасцей супрацоўнічаць з Менскам, чым цяпер. Быў абмен літаратурай, выданнямі. А цяпер там гэта нікому не патрэбна. Беларуская вёска памірае...

У гэтай атмасферы не хочацца ехаць у Беларусь.

Я даволі скептычна стаўлюся да беларускіх дэмакратаў. Не могуць дамовіцца, дык яшчэ імкнуцца адзін аднаго ў нечым звінаваціць. Ёсць нямала добрых людзей, якія робяць справу. Але каб працаваць сістэматычна, мэтанакіравана, такіх, на жаль, толькі адзінкі — проста мізэрная доля ад агульнага насельніцтва. Беларусы ўсё-ткі адзінаасобнікі. Ці партызаны. Кожны сам сабе.

Памятаю, як аднойчы ляцеў самалётам да Менска. І побач са мной сядзела маладая жанчына, па-беларуску размаўляла. І раптам кажа: «А наш прэзідэнт жа харошы». Часамі не ведаеш, чым хто думае.

Але што зробіш? Быў такі польскі паэта Адам Аснык, які напісаў: «Gdy lud zwycięzcy gnie się do strzemion. Ma los, na jaki zasłużył». Калі ты нічога не робіш, то нічога не будзе. Беларусы самі, канешне, вінаватыя. «Беларусы самі — бараны часамі» — гэта поўная слушнасць.

Пра пераемнасць: «Я магу трошкі супакоіцца»

Я пішу звароты на Каляды і Вялікдзень больш зв 25 год. «Радыё Свабода» ўпершыню звярнулася да мяне ў канцы 1980-х, а распачаў падобную традыцыю айцец Сіповіч. Я стаміўся, спісаўся, бо кожны раз стараешся прыдумаць нешта новае. Пакуль нібыта атрымліваецца, але кепска, што звяртаюцца толькі да мяне. Кепска, што няма іншых аўтарытэтаў...

У 1980-я Апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў на Захадзе быў біскуп Уладзімір Тарасевіч з Чыкага. Яшчэ ў 1930-х ён пераехаў ў Амерыку да дзядькі Янкі Тарасевіча — святара і моцнага беларуса. Біскуп Тарасевіч быў вельмі добры чалавек, манах, але на ягоныя ангельскамоўныя службы для амерыканцаў збіралася больш людзей, чым на беларускія. Беларусы былі нібыта людзі другога гатунку, ён асабліва імі не цікавіўся. Я, жывучы ў Лондане, аб’ездзіў усе беларускія асяродкі ў ЗША і Канадзе. Ён усё жыццё пражыў там, але нідзе асабліва не быў, з’амерыканізаваўся. Няхай душа яго спіць спакойна, але па ім нікога не засталося.

З пераемнікам а. Сяргеем Стасевічам.

Я аплачваў багаслоўскае навучанне беларускім студэнтам. Хоць было і няпроста, але не магу скардзіцца. Выгадваў двух святароў (Сяргей Стасевіч у Лондане і Ігар Лабацэвіч у ЗША. — Аўт.) і аднаго навукоўца-багаслова — Ірыну Дубянецкую, якая годна працягвае справу свайго бацькі. Я ў яе запытаўся, што ты хочаш рабіць: замуж ісці ці ў манашкі? «Ні тое, ні другое», — аддказала Ірына, і пайшла ўласным шляхам. Я ёй вельмі ганаруся.

Біскуп Сіповіч таксама стараўся, клапаціўся пра пераемнасць. Хоць ён спадзяваўся, што мы станем марыянамі, але прынамсі мы сталі беларусамі. Ён перадаў лонданскі цэнтр мне, я перадаю айцу Сяргею Стасевічу. Гэта ўжо тры пакаленні. Я магу трошкі супакоіцца.

— Айцец, вы столькі цікавых людзей сустракалі. Чаму не пішаце мемуары?

— Я лічыў важным рабіць тое, што апроч мяне ніхто не мог зрабіць. Службы Божыя на беларускай мове — гэта ўсё мае пераклады. Без іх бы маліліся па царкоўна-славянску. Цяпер завяршыў пераклад «Псалтыра» са старажытнагрэцкай мовы. Вельмі хацеў паспець да смерці. Амаль гатова, але, як сведчыць лацінская прыказка: «Дасканалае — вораг добрага».

Напісаў пару кніжак — пра Сіповіча, пра Барбару Радзівіл. Цяпер завяршаю ўспаміны айца Льва Гарошкі. Ягоны рукапіс ахоплівае перыяд да 1944 года — пад польскай, савецкай і нямецкай акупацыямі. Свядомы беларус з самага пачатку, ён усё жыццё ішоў гэтай дарогай. Адну меў загану — не ўмеў адпачываць. Сіповіч яго адправіў на адпачынак на два тыдні за горад. Ён праз тыдзень піша ў лісце: «Я ўжо надыхаўся»...

Раней быў трошкі маладзейшы, больш энэргіі меў. Шмат з кім сустракаўся, падтрымліваў з усімі сувязі. Ладзілі мерапрыемствы, навуковыя канферэнцыі — цэлых 10 канферэнцый. Дзякуй Богу, што ўсё гэта ўдалося. Але трэба мне ўжо канчаць. Хутка будзе 88 гадоў, я ўжо overstayed my welcome тут. 

Фота ў матэрыяле: Андрэй Аляксандраў, Аляксандра Белавокая, Уладзімір Кармілкін, Кастусь Лашкевіч і з архіву Беларускай бібліятэкі і музея імя Ф. Скарыны.

Чытайце далей:

Ген идентичности. Великие беларусы, похороненные на чужбине

Гражданин мира, сын Беларуси. Зачем Беларусь и Польша догоняют 19-й век

Была ли БНР полноценным государством? Разбор с точки зрения права

Комментировать