Жизнь

17 верасня: глядзіце на гісторыю сваімі вачыма

691 Севярын Квяткоўскі

Вы часта чулі, каб сучасная беларуская дзяржава ўшаноўвала беларусаў-герояў Войска Польскага, якія першымі з заходняга боку Беларусі сустрэлі нацыстаў? А ці шмат вы бачылі манумэнтаў "воінам-вызваліцелям" 17 верасня 1939 году?

А яны – воіны – гінулі. Прызваныя пераважна з РСФСР. Не складаецца: бо ў савецкай традыцыі прынята ставіць вызваліцелям помнікі.

Сёлета як ніколі ў байнэце мала спрэчак з старымі двума тэзісамі:

1. Лепш сталінскі тэрор, затое цяпер РБ цэласная.

2. Хай бы былі пад Польшчай, але не спазналі б столькі бедаў.

Гэта калі казаць пра незалежнную прастору. Ад дзяржавы вызначыўся чыноўнік Мінаблвыканкаму, які на ўсялякі выпадак вырашыў забараніць выставу, прысвечаную Заходняй Беларусі.

Зрэшты, пра матыў чыноўніка можна толькі здагадвацца. Тэма па-сутнасці калі не антысавецкая, дык несавецкая дакладна. А таму ўжо семдзясят пяць гадоў яна сарамліва замоўчваецца.

Па-першае, СССР атрымаў на сваю галаву Другую Сусветную не раптоўна, калі ворагі “вероломно вторглись на территорию Советского Союза”. СССР сам уступіў у вайну, вераломна ўварваўшыся на тэрыторыю суседняй дзяржавы – Польшчы.

Таму, калі шанаваць беларускіх герояў першай – польскай – абароны Берасцейскай крэпасці, калі распавядаць пра ахвяры нямецкіх бамбардыровак Баранавічаў і Горадні на пачатку верасня, тады трэба распавядаць і пра "геройствы" савецкіх вайскоўцаў, якія пайшлі насустрач немцам, і нават зайшлі ўглыб Любліншчыны на ўсходзе ўласна Польшчы. І пра сумесныя парады ў Берасці і Львове нацысцкіх і чырвоных войскаў.

«Журнал» также рекомендует:

 

І тады ламаецца строгая лінія версіі пра савецкі лад як самы мірны і пухнасты ў свеце.

Беларуская ўлада дагэтуль вызначае "нашы – не нашы" не па прыналежнасці да супольнай зямлі, а па спавяданні сымбаляў веры савецкай ідэалогіі. Таму і “афіцыйная” гісторыя Беларусі пачынаецца нават не ад 1917-га, як было пры наўпроставым маскоўскім кіраванні Беларуссю, а ад 1944-га.

Ідэялагічны падыход ідзе ў тым рэчышчы, што лепш адмовіцца ад ладнай часткі сваіх суайчыньнікаў у мінулым, чым цяпер злаваць маскоўскі "абкам", які так раздражняецца пры слове "Польшча".

З іншага – недзяржаўнага – боку, я часцяком бачу боязь пакрыўдзіць польскіх сяброў. Бо відавочна, што Заходняя Беларусь ў 1921 годзе палякамі была... І тут хто на што здатны: занятая, прыяднаная, далучаная. А Ўсходняя?

Калі адказаць, што адбылося з Усходняй Беларуссю ў 1921 годзе, можна будзе акрэсліць і сітуацыю з Заходняй.

А было так. Была БНР. Адпаведна, заходнюю частку краіны акупавала Польшча, а ўсходнюю – РСФСР. У 1921 годзе ў Рызе падзел быў замацаваны дакументальна. І толькі ў 1991-м тэрыторыя БНР збольшага атрымала незалежнасць пад назвай Рэспубліка Беларусь.

Чаго бракуе ў сучасных развагах? Суб'ектнасці Беларусі. Чаму? Таму, што беларусы дагэтуль разважаюць, сыходзячы з польскіх ці расейскіх наладак у опцыях.

Прычым, тут збольшага беларусы адзіныя, нягледзячы на тое, які сцяг шануюць – чырвона-зялёны ці бел-чырвона-белы.

«Журнал» также рекомендует:

 

І віснуць, нібы той кампутар, дзе ў праграме адбыўся збой. Ды яшчэ старанна абмінаюць той факт, што бел-чырвона-белы сцяг, які сёння шануюць і выкарыстоўваюць, быў прыдуманы акурат для будучай БНР у 1917 годзе.

«А, дык, гэта... Дык БНР ніхто не прызнаў, яна існавала нядоўга». Хочацца адказаць: «Дружа, а чаму сёння цябе з тваёй беларушчынай хтосьці мусіць прызнаваць? Калі ты на сваё мінулае не маеш ўласнай візіі?»

«Вось, калі б саветы не зайшлі, не ўз’ядналі, дык не было б сёння адзінай краіны...». А калі яны зноў зойдуць, і зноў забяруць краіну – цалкам? Будзеш ізноў шукаць, хто што пра гэта думае? Шукаць спасылкі на рашэнні дзяржаўных мужоў з іншых краінаў?

Так атрымалася, што ў 1918 годзе дэкларавалі, але не паспелі дарабіць, даспраўдзіць першую сучасную беларускую дзяржаўнасць. Але яна была абвешчаная. Дарабі тую справу сёння – прызнай.

Лягчэй будзе адстойваць будучыню, якой бы цмянай і пагрозлівай яна не падавалася. У кожным выпадку, айцам-заснавальнікам БНР у 1918-м было значна цяжэй, але яны рабілі.

Прызнай БНР, і праграма адвісне, бо ты станеш суб'ектам, а не аб'ектам гісторыі.

А 17 верасня – добрая дата для ўшанавання дзеячоў Беларускай ідэі, якія рабілі сваю спарву, нягледзячы ні на што з розных бакоў мяжы Беларусі – у розныя часы.

Читайте дальше:

«Воссоединение» 1939-го: о чем молчит официальная история

Комментировать